Папа Францішак Папа Францішак 

Аўстрыя: кампазітар прысвяціў “Імшу Міласэрнасці” Францішку

У Аўстрыі прагучыць “Імша Міласэрнасці”, прысвечаная Францішку. Твор будзе выкананы ўпершыню 14 ліпеня 2024 года ў катэдры Маці Божай з Лінц у межах рэгіянальнага музычнага фестывалю Асацыяцыі духавой музыкі Верхняй Аўстрыі. Сусветная прэм’ера твора ў Ватыкане запланавана на жнівень.

Ян Глінскі

Музычнае афармленне літургіі, якую ўзначаліць біскуп Манфрэд Шойер, падрыхтавалі сто дваццаць спевакоў з усёй Верхняй Аўтрыі, а таксама гарадскі гурт Bad Hall, музычныя таварыствы з Рыда і Марыі-Нойшціфт.

Томас Дос скампанаваў Імшу для Пантыфіка па просьбе катэдральнага капэлмайстра Готфрыда Раперсдорфера.

“Я падумаў, што гэта цудоўнае супадзенне, бо постаць святога Францішка спадарожнічала мне і захапляла ад ранняй маладосці”, – прызнаўся кампазітар і нагадаў, што ад пачатку пантыфікату Папа Францішак падкрэсліваў першынства міласэрнасці ў Касцёле. Для Доса міласэрнасць – гэта “клопат пра людзей і спосаб жыцця”, калі ты дапамагаеш тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Таму ён стараўся падысці да напісання музыкі “з пакорай, спакойна і інтымна”.

“Імша Міласэрнасці” будзе таксама цэлебравацца ў базыліцы Святога Пятра ў Рыме 24 жніўня ў 15.00. Аўтары твора асабіста перададуць партытуру Папу Францішку падчас генеральнай аўдыенцыі 28 жніўня.

Кампазітар Дос з нецярпеннем чакае прэм’еры ў Лінцы і Рыме. “Магчымасць прэм’еры ў Ватыкане – гэта прывілей, унікальны досвед, які застанецца ў памяці назаўсёды”, – прызнаўся ён у інтэрв’ю для KirchenZeitung.

12 ліпеня 2024, 11:04