Сабор Нотр-Дам у Парыжы Сабор Нотр-Дам у Парыжы  

Францыя: нацыянальнае паломніцтва да сабора Нотр-Дам у Парыжы

Нацыянальнае паломніцтва да сабора Нотр-Дам у Парыжы пачнецца 28 ліпеня 2024 года ў сямі гарадах Францыі. Яно працягнецца да 14 верасня і стане формай святкавання паўторнага адкрыцця храма пасля пажару ў красавіку 2019 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арганізатарам выступіла асацыяцыя Les 7 routes Notre-Dame (Сем шляхоў Нотр-Дам). Паломнікі могуць выправіцца самастойна або ў групе з: Мон-Сен-Мішэль, Булонь-сюр-Мер, Кімпера, Ліёна, вострава Рэ, Брыў-ла-Гаярд і Атрота ў Эльзасе, ствараючы такім чынам сетку сямі паломніцкіх шляхоў на тэрыторыі ўсёй краіны.

Дадаткова вуліцамі прадмесцяў Парыжа пройдзе пілігрымка пад назвай Couronne mariale (Марыйная карона), якое выправіцца з Нантэра. Пілігрымы будуць несці выявы святых заступнікаў кожнага са шляхоў.

Ініцыятыву падтрымаў Касцёл у Францыі, у тым ліку старшыня мясцовага епіскапата арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор і больш чым 700 касцёльных супольнасцей, якія хочуць змабілізаваць жыхароў парафій, праз якія пройдуць пілігрымкі.

Да ўдзелу запрошаны ўсе жадаючыя, вернікі і няверуючыя. Завершыцца пілігрымка 14 верасня 2024 года каля парыжскага сабора, дзе пажарным, цеслярам і каменячосам, якія працуюць над аднаўленнем храма, уручаць фігуры святых заступнікаў іх прафесій. На наступны дзень арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш адправіць для паломнікаў святую Імшу ў касцёле святога Сульпіцыя, які часова стаў парыжскай катэдрай.
 

27 ліпеня 2024, 10:13