Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI 

Кардынал Кох пра Бэнэдыкта XVI: мерай біскупа ёсць вернасць

Мы маем абавязак данесці вучэнне Бэнэдыкта XVI да свету, - лічыць кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У баварскім Альтотынгу завяршыўся Форум Бэнэдыкта XVI – пяцідзённая сустрэча, прысвечаная спадчыне Папы. Яго галоўнай тэмай былі Уводзіны ў хрысціянства, адна з найважнейшых прац Ёзэфа Ратцынгера, у якой ён патлумачыў асобныя элементы Сімвала веры.

Ён падкрэсліў, што ўсе ахрышчаныя, а асабліва біскупы, павінны працягваць місію Езуса, якую Ён сам вызначыў перад Пілатам – сведчанне аб ісціне. Кардынал Кох нагадаў, што Езус заставаўся верны сваёй місіі да канца, ні ў чым не супярэчачы волі Айца. “Таксама і сёння біскупы, як наступнікі Апосталаў, пакліканы цалкам прысвяціць сябе праўдзе Езуса Хрыста і верна яе абвяшчаць”, - сказаў іерарх.

Кох спаслаўся на гамілію, якую прамовіў Ратцынгер падчас свайго біскупскага пасвячэння ў 1977 годзе. Тады ён нагадаў, што мерай біскупа з'яўляецца вернасць. “Ён не павінен распаўсюджваць свае асабістыя ідэі, але быць вестуном паслання, якое большае за яго самога. Біскуп не дзейнічае ад свайго імя, але з'яўляецца даверанай асобай Езуса Хрыста”, - сказаў тады арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі.

У форуме, які завяршыўся 14 ліпеня 2024 года, прынялі ўдзел выдатныя знаўцы думкі Бэнэдыкта XVI, у тым ліку яго шматгадовы сакратар, арцыбіскуп Георг Генсвайн. “Яго спадчына з’яўляецца вялікім дарам для католікаў, для Касцёла, для людзей. Развіваць гэты дар з’яўляецца адным з маіх вялікіх заданняў”, - сказаў іерарх.
 

16 ліпеня 2024, 09:58