Пошук

Сумеснае фота пасля сустрэчы прадстаўнікоў нямецкага епіскапату і Рымскай курыі ў Ватыкане. 28 чэрвеня 2024 года Сумеснае фота пасля сустрэчы прадстаўнікоў нямецкага епіскапату і Рымскай курыі ў Ватыкане. 28 чэрвеня 2024 года 

Рымская курыя вядзе дыялог з нямецкімі біскупамі

Кананічныя аспекты для ўстанаўлення адмысловай формы сінадальнасці ў Касцёле ў Германіі – гэта адна з тэм размоў паміж высокімі прадстаўнікамі Святога Пасада і епіскапату Германіі, якія прайшлі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2024 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Згодна з камюніке, апублікаваным Святым Пасадам і Канферэнцыяй біскупаў Германіі, аднадзённы дыялог характарызаваўся станоўчай, адкрытай і канструктыўнай атмасферай. Асновай стала пагадненне ад 22 сакавіка 2024 года, якое прадугледжвае развіццё канкрэтных форм ажыццяўлення сінадальнасці ў Касцёле ў Германіі, у адпаведнасці з эклезіялогіяй Другога Ватыканскага Сабора, палажэннямі кананічнага права і плёнамі Сінода Паўсюднага Касцёла, якія будуць прадстаўлены Святому Пасаду на зацвярджэнне (recognitio).

У рамках абмену думкамі біскупы паведамілі аб апошнім пасяджэнні Сінадальнай камісіі (часовага рабочага органа), падчас якога былі абмеркаваны тэалагічныя асновы і прававыя магчымасці арганізацыі нацыянальнага сінадальнага органа. Сустрэча была засяроджана на сувязі паміж выкананнем біскупскага служэння і спрыяннем сумеснай адказнасці ўсіх вернікаў, з асаблівым акцэнтам на аспектах кананічнага права для ўстанаўлення адмысловай формы сінадальнасці ў Касцёле ў Германіі. Абодва бакі вельмі зацікаўлены ва ўмацаванні сінадальнасці ў жыцці Касцёла для больш эфектыўнай евангелізацыі, адзначаецца ў паведамленні.

Камісія, прызначаная нямецкім Сінадальным камітэтам, будзе займацца пытаннямі сінадальнасці і структуры сінадальнага органа. Яна павінна знаходзіцца ў цесным кантакце з адпаведнай камісіяй, якая складаецца з прадстаўнікоў адпаведных дыкастэрый Святога Пасада, каб распрацаваць праект такога органа.

Для прадстаўнікоў Рымскай курыі важнымі былі два аспекты: яны хацелі б змены назвы і розных аспектаў цяперашняга праекта такога магчымага нацыянальнага сінадальнага органа. Што тычыцца становішча гэтага органа, то ўсе сыходзяцца ў меркаванні, што ён не можа стаяць вышэй біскупскай канферэнцыі ці быць роўны ёй.

Абмяркоўвалася таксама пытанне аб будучым складзе нямецкай дэлегацыі, якая ўдзельнічае ў дыялогу паміж прадстаўнікамі Рымскай курыі і Канферэнцыі біскупаў Германіі.

Пасля заканчэння Сінода Паўсюднага Касцёла працягнуцца размовы аб далейшых тэмах антрапалагічнага, эклезіялагічнага і літургічнага характару.

Нагадаем, што ў лісце, абнародаваным 23 студзеня 2024 года Святы Пасад удакладніў, што ні Сінадальны шлях у Германіі, ні які-небудзь створаны ім орган, ні якая-небудзь біскупская канферэнцыя не маюць кампетэнцыі заснаваць Сінадальную раду на нацыянальным, дыяцэзіяльным або парафіяльным узроўнях.
 

01 ліпеня 2024, 12:13