Святая Зямля: Цэрквы распачалі падатковую спрэчку з уладамі
Ян Глінскі
Аўтары звароту падкрэсліваюць, што кампанія ізраільскіх уладаў яшчэ ніколі не мела такога маштабу. З ліста да мэра Іерусаліма вынікае, што аднабаковыя дзеянні горада парушаюць status quo і правы Цэркваў, прызнаныя на працягу стагоддзяў.
Па словах падпісантаў, у тым ліку Лацінскага Патрыярха Іерусаліма кардынала П’ербацісты Піцабалы, мясцовыя ізраільскія ўлады наклалі фінансавы цяжар муніцыпальных падаткаў на розныя Цэрквы па ўсёй краіне, у тым ліку ў Іерусаліме, Тэль-Авіве-Яфе, Назарэце і Рамле. Акрамя папярэджанняў, былі распачатыя справы ў розных судах. Аўтары ліста выказалі гатоўнасць працаваць над рашэннямі ў рамках рабочай групы, створанай прэм’ер-міністрам Біньямінам Нетаньяху ў 2018 годзе.
У падатковай спрэчцы Цэрквы спасылаюцца на свае сацыяльныя льготы і вызваленне царкоўнай маёмасці ад мясцовых падаткаў, якое дзейнічае з часоў Асманскай імперыі. Прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў нагадалі, што інвеставалі на карысць усяго грамадства і дзяржавы праз такія інстытуты, як школы і бальніцы.
У 1948 годзе падчас абвяшчэння незалежнасці дзяржавы Ізраіль улады на пачатку прынялі адпаведныя пастановы перыяду брытанскага мандата, паводле якіх Каталіцкі Касцёл вызваляўся ад усіх падаткаў. У 1993 годзе была падпісана (дагэтуль не ратыфікаваная Ізраілем) Асноўная дамова, якая пакінула пытанне падаткаў адкрытым і перадала тлумачэнні ў асобную камісію. З таго часу працягваюцца іх перамовы. Пасля шасці гадоў перамоў 1 студзеня 2016 года была прынятая Асноўная дамова паміж Палесцінай і Святым Пасадам, якую Ізраіль раскрытыкаваў і назваў паспешлівай і аднабаковай.