Цырымонія запуску Сусветных дзён моладзі - 2027 у Сеуле Цырымонія запуску Сусветных дзён моладзі - 2027 у Сеуле 

У Сеуле прайшла цырымонія запуску Сусветных дзён моладзі - 2027

Каталіцкі Касцёл Паўднёвай Карэі распачаў падрыхтоўку да Сусветных дзён моладзі 2027 года. 28 ліпеня 2024 года ў катэдральным саборы Мёндан у Сеуле прайшло ўрачыстае мерапрыемства па запуску моладзевага форума.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У падзеі прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек, сярод якіх былі бежанцы з Паўночнай Карэі, моладзь з абмежаванымі магчымасцямі і вайскоўцы. Прысутнічалі таксама апостальскі нунцый у Карэі арцыбіскуп Джавані Гаспары, сакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця Глейсан Дэ Паўла Соўза, дыпламаты васьмі дзяржаў і прадстаўнікі карэйскага ўрада.

Цырымонія пачалася з параду сцягоў, падчас якога маладыя карэйцы і ўдзельнікі з розных краін свету ўнеслі ў сабор 193 сцяга. Затым арцыбіскуп Сеульскі Пітэр Чон Сун-Тхэк, старшыня арганізацыйнага камітэта СДМ-2027, разам з двума маладымі карэйскімі дэлегатамі, афіцыйна абвясціў пачатак падрыхтоўкі да моладзевай сустрэчы.

Завяршылася цырымонія набажэнствам, якое ўзначаліў арцыбіскуп Сеульскі. У гаміліі ён падкрэсліў, што місія Касцёла – даць маладым людзям платформу або сцэну, на якой яны змогуць стаць галоўнымі героямі сваіх гісторый. Ён заклікаў моладзь аб'яднацца ў надзеі і малітве, рыхтуючыся да гэтай знамянальнай падзеі.

Плануецца, што ў верасні 2024 года будзе абвешчаны афіцыйны дэвіз СДМ-2027, а ўрачыстая перадача сімвалаў сустрэчы адбудзецца ў лістападзе.

30 ліпеня 2024, 12:34