Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Візіт Папы ў Бельгіі: Імша на стадыёне і беатыфікацыя кармеліткі

Францішак наведае Бельгію ў канцы верасня. Галоўным пунктам візіту, 29 верасня 2024 года, стане Імша на стадыёне імя Караля Бадуэна ў Бруселі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пра гэта паведаміла Канферэнцыя Біскупаў Бельгіі. З 19 жніўня 2024 года ўсе зацікаўленыя могуць зарэгістравацца на сайце www.visitedupape.be, створаным адмыслова да візіту. Папская святая Імша будзе трансліравацца ў прамым эфіры бельгійскага тэлебачання.

На пачатку Эўхарыстыі Францішак беатыфікуе памерлую ў Бруселі манахіню-кармелітку Анну ад Езуса. Паведамляючы аб гэтым, епіскапат Бельгіі падкрэсліў, што гэта будзе надзвычайная падзея, паколькі Пантыфік звычайна здзяйсняе беатыфікацыю ў Рыме.

Іспанка Анна ад Езуса (свецкае імя – Ана дэ Лобера Торэс), якая нарадзілася 25 лістапада 1545 года ў Медзіна-дэль-Кампа, была блізкай супрацоўніцай святой Тэрэзы Авільскай (1515-1582), дапамагаючы ёй рэфармаваць кармеліцкі ордэн. Яе адпраўлялі ў Мадрыд, Парыж і Брусель, а таксама ў іншыя месцы. З Бруселя, дзе яна памерла ў 1621 годзе, яна заснавала манастыры ў Лувене і Монсе, а таксама ўдзельнічала ў заснаванні манастыроў у Антверпене і Кракаве.

Імша з Папам, якая будзе адпраўлена з выкарыстаннем некалькіх моў, супадзе са штогадовым Сусветным днём мігрантаў і бежанцаў, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле, падкрэслілі ў Канферэнцыі Біскупаў.

Францішак пачне сваё падарожжа ў Бенелюкс 26 верасня 2024 года з Люксембурга і ў той жа дзень адправіцца ў Бельгію, дзе правядзе чатыры дні.
 

08 ліпеня 2024, 10:08