Пошук

Кардынал Райнэр Марыя Вёлькі Кардынал Райнэр Марыя Вёлькі   (AFP or licensors)

Нямецкі кардынал: давайце больш сур'ёзна ставіцца да Папы

Кардынал Райнэр Марыя Вёлькі заклікаў католікаў Германіі больш сур’ёзна ставіцца да Францішка і таго, што ён кажа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У відэа, апублікаваным на сайце Кёльнскай архідыяцэзіі, іерарх нагадаў пра ліст адносна дэбатаў аб касцёльнай рэформе, які Папа накіраваў католікам у Германіі роўна пяць гадоў таму. “Давайце будзем шчырымі: хто насамрэч чытаў гэты ліст?” - спытаўся ён, зазначаючы, што Пантыфік неаднаразова падкрэсліваў, наколькі важны для яго гэты дакумент.

29 чэрвеня 2019 года Францішак напісаў ліст Да народа Божага, які пілігрымуе ў Германіі. Ён спаслаўся на працэс рэформ у рамках так званага Сінадальнага шляху, які тады яшчэ быў запланаваны, а на сёння ўжо завершаны. З аднаго боку, Папа высока ацаніў прыхільнасць і рэфарматарскія намаганні нямецкіх католікаў і ў той жа час заклікаў да еднасці з Паўсюдным Касцёлам. Ліст выклікаў вялікі рэзананс як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў ініцыятывы.

У відэа арцыбіскуп Кёльнскі заўважыў, што сваім лістом Францішак запрасіў людзей да евангелізацыі, якая ў яго вачах з’яўляецца сапраўднай і важнай місіяй Касцёла. “Я думаю, што мы павінны выканаць яго жаданне, якое ён так настойліва выказаў – на нашу карысць, але таксама на карысць Касцёла ў Германіі. Таму што толькі ў гэтым выпадку ў яго будзе будучыня”, - сказаў іерарх.

Па словах нямецкага кардынала, Папа пісаў ліст на працягу месяца. “Уласнаручна, у вольны час. Бо для яго было важна падтрымаць Касцёл у Германіі ў адну з яго самых цяжкіх гадзін, вытлумачыць нам знакі часу, даць нам арыентацыю ў гэты пераломны момант. Ён хацеў падаць нам сваю руку і правесці нас праз гэтую даліну – як і належыць Наступніку Пятра. Такога гістарычнага ліста ад яго не атрымліваў ні адзін іншы народ”, - падкрэсліў ён.

Рэфарматарскія прапановы Сінадальнага шляху працягваюць выклікаць спрэчкі. 28 чэрвеня некалькі нямецкіх біскупаў правялі чарговыя, трэція ў 2024 годзе, перамовы ў Ватыкане. Па іх выніках Святы Пасад заклікаў змяніць праект рэфармавання Каталіцкага Касцёла ў Германіі. Цяперашні нацыянальны сінадальны орган павінна быць зменены ў некаторых аспектах – і больш не можа называцца Сінадальнай радай. Што тычыцца статусу гэтага органа – ён не можа стаяць вышэй біскупскай канферэнцыі ці быць роўны ёй.

Камісія, прызначаная нямецкім Сінадальным камітэтам, адказная за падрыхтоўку стварэння новага органа, цяпер павінна цесна супрацоўнічаць з кампетэнтнымі ўладамі Святога Пасада. Будучыя праекты нямецкага боку павінны быць афіцыйна разгледжаны і зацверджаны Святым Пасадам.
 

02 ліпеня 2024, 10:28