Езуіт з Інданезіі: візіт Папы падымае важныя грамадскія пытанні
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На гэта звярнуў увагу вядомы індaнезійскі езуіт, ксёндз Ігнацый Ісмартона, які на працягу многіх гадоў узначальваў Камісію па справядлівасці і міру пры епіскапаце гэтай азіяцкай краіны.
79-гадовы манах працягвае актыўна ўдзельнічаць у грамадскім дыялогу і гуманітарнай дзейнасці. Зараз ён з'яўляецца дырэктарам няўрадавай арганізацыі Sahabat Insan (Сябры чалавецтва) са штаб-кватэрай у Джакарце. Дзейнасць гэтай арганізацыі прызнаная як Касцёлам, так і дзяржавай, і заключаецца пераважна ў дапамозе мігрантам і ахвярам гандлю людзьмі.
Айцец Ісмартона адзначыў некалькі ключавых тэм, якія будуць у цэнтры ўвагі падчас папскага візіту. Першай з’яўляецца міжрэлігійны кантэкст. Інданезія вядомая сваім рэлігійным плюралізмам, і візіт Францішка стане нагодай абмеркаваць формы і спосабы міжрэлігійнага дыялогу, рэлігійнай талерантнасці і спрыяння гармоніі паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі як у рэгіёне, так і на міжнароднай арэне.
Не менш важнымі застаюцца сацыяльная справядлівасць і барацьба з няроўнасцю. Пантыфік у сваім навучанні падкрэслівае неабходнасць абароны сацыяльнай справядлівасці, змяншэння беднасці і тэрміновую патрэбу ў вырашэнні праблемы эканамічнай няроўнасці. Гэтыя пытанні маюць ключавое значэнне ў сацыяльна-эканамічным кантэксце Інданезіі.
Не менш важнай з’яўляецца ахова навакольнага асяроддзя. Ксёндз Ісмартона нагадаў пра энцыкліку Laudato si', у якой Францішак адкрыта кажа пра экалагічныя праблемы і змены клімату. Улічваючы экалагічную разнастайнасць Інданезіі і экалагічныя выклікі, чакаецца, што грамадскія дэбаты засяродзяцца таксама на пытаннях устойлівага развіцця і ўплыву змены клімату.
Этычнае палітычнае кіраўніцтва таксама будзе ў павестцы. У святле праблемы карупцыі, якая балюча закранае Інданезію, узрастае патрэба ў лідарах з моцнымі маральнымі прынцыпамі, здольных фарміраваць нацыянальную палітыку ў адпаведнасці з каштоўнасцямі павагі да годнасці чалавека, правоў чалавека і клопату пра найбольш уразлівых.
Сваёй прысутнасцю Папа ўносіць элемент дыпламатыі, арыентаванай на мір, у тым ліку праз уклад рэлігійных лідараў, зазначыў інданезійскі езуіт.
Аўтарытэтны святар выказаў спадзяванне на тое, што "візіт Францішка будзе мець не толькі кароткатэрміновы ўплыў, але і доўгатэрміновыя наступствы". "Мы спадзяёмся і верым, што ён можа сапраўды станоўча паўплываць на грамадскі дыскурс, медыйныя дэбаты, грамадскую свядомасць, сацыяльныя каштоўнасці і палітычныя дзеянні на нашай Радзіме", - падкрэсліў ксёндз Ісмартона напярэдадні папскага візіту ў Інданезію, які пройдзе з 3 па 6 верасня 2024 года.