Інданезійскія мусульманкі ля катыліцкага касцёла ў Малангу Інданезійскія мусульманкі ля катыліцкага касцёла ў Малангу  (AFP or licensors)

Езуіт з Інданезіі: візіт Папы падымае важныя грамадскія пытанні

Візіт Францішка ў Інданезію стане важнай нагодай для абмеркавання некалькіх ключавых пытанняў у грамадскім і рэлігійным жыцці найбуйнейшай ісламскай краіны свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На гэта звярнуў увагу вядомы індaнезійскі езуіт, ксёндз Ігнацый Ісмартона, які на працягу многіх гадоў узначальваў Камісію па справядлівасці і міру пры епіскапаце гэтай азіяцкай краіны.

79-гадовы манах працягвае актыўна ўдзельнічаць у грамадскім дыялогу і гуманітарнай дзейнасці. Зараз ён з'яўляецца дырэктарам няўрадавай арганізацыі Sahabat Insan (Сябры чалавецтва) са штаб-кватэрай у Джакарце. Дзейнасць гэтай арганізацыі прызнаная як Касцёлам, так і дзяржавай, і заключаецца пераважна ў дапамозе мігрантам і ахвярам гандлю людзьмі.

Айцец Ісмартона адзначыў некалькі ключавых тэм, якія будуць у цэнтры ўвагі падчас папскага візіту. Першай з’яўляецца міжрэлігійны кантэкст. Інданезія вядомая сваім рэлігійным плюралізмам, і візіт Францішка стане нагодай абмеркаваць формы і спосабы міжрэлігійнага дыялогу, рэлігійнай талерантнасці і спрыяння гармоніі паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі як у рэгіёне, так і на міжнароднай арэне.

Не менш важнымі застаюцца сацыяльная справядлівасць і барацьба з няроўнасцю. Пантыфік у сваім навучанні падкрэслівае неабходнасць абароны сацыяльнай справядлівасці, змяншэння беднасці і тэрміновую патрэбу ў вырашэнні праблемы эканамічнай няроўнасці. Гэтыя пытанні маюць ключавое значэнне ў сацыяльна-эканамічным кантэксце Інданезіі.

Не менш важнай з’яўляецца ахова навакольнага асяроддзя. Ксёндз Ісмартона нагадаў пра энцыкліку Laudato si', у якой Францішак адкрыта кажа пра экалагічныя праблемы і змены клімату. Улічваючы экалагічную разнастайнасць Інданезіі і экалагічныя выклікі, чакаецца, што грамадскія дэбаты засяродзяцца таксама на пытаннях устойлівага развіцця і ўплыву змены клімату.

Этычнае палітычнае кіраўніцтва таксама будзе ў павестцы. У святле праблемы карупцыі, якая балюча закранае Інданезію, узрастае патрэба ў лідарах з моцнымі маральнымі прынцыпамі, здольных фарміраваць нацыянальную палітыку ў адпаведнасці з каштоўнасцямі павагі да годнасці чалавека, правоў чалавека і клопату пра найбольш уразлівых.

Сваёй прысутнасцю Папа ўносіць элемент дыпламатыі, арыентаванай на мір, у тым ліку праз уклад рэлігійных лідараў, зазначыў інданезійскі езуіт.

Аўтарытэтны святар выказаў спадзяванне на тое, што "візіт Францішка будзе мець не толькі кароткатэрміновы ўплыў, але і доўгатэрміновыя наступствы". "Мы спадзяёмся і верым, што ён можа сапраўды станоўча паўплываць на грамадскі дыскурс, медыйныя дэбаты, грамадскую свядомасць, сацыяльныя каштоўнасці і палітычныя дзеянні на нашай Радзіме", - падкрэсліў ксёндз Ісмартона напярэдадні папскага візіту ў Інданезію, які пройдзе з 3 па 6 верасня 2024 года.
 

30 жніўня 2024, 10:34