Тэолаг Галік: Сінадальнасць – не проста імітацыя дэмакратыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Выступаючы ў Лінцы на рабочай сустрэчы еўрапейскіх дэлегатаў на Сінод па сінадальнасці, чэшскі святар падкрэсліў, што сінадальнае абнаўленне Касцёла не павінна быць ні копіяй дэмакратычнай сістэмы ў сэнсе правіла большасці, ні адлюстраваннем сучаснай палітычнай дэмакратыі.
"Хутчэй, прынцып сінадальнасці мог бы натхніць абнаўленне палітычнай дэмакратыі, падтрымліваючы тое, чаго не хапае сучаснай дэмакратыі і чаму яна такая схільная да папулізму і прывабнасці аўтарытарных сістэм", - заявіў Галік.
Ён падкрэсліў, што сінадальнае абнаўленне – гэта больш складаная задача, чым проста ператварэнне жорсткай клерыкальнай сістэмы ўнутры Каталіцкага Касцёла ў сетку гнуткай камунікацыі. Гаворка ідзе таксама пра здольнасць Касцёла камунікаваць з іншымі сістэмамі ў грамадстве, з іншымі культурамі і рэлігіямі.
Вядомы тэолаг таксама заклікаў еўрапейскіх удзельнікаў Сінода стрымліваць нерэалістычныя чаканні вялікіх інстытуцыйных змен у Касцёле адразу пасля сінадальнага пасяджэння, якое пройдзе ў кастрычніку 2024 года ў Рыме. "Сінадальная рэформа Касцёла – гэта доўгі шлях", - заўважыў ксёндз Томаш Галік.