Італія: у Турыне прайшоў форум для кансэкраваных паннаў
Ян Глінскі
Такое пакліканне было вядома яшчэ ў першых хрысціянскіх супольнасцях, але з часам было забыта. Новы яго росквіт адбыўся дзякуючы Папе Паўлу VI, пантыфікат якога прыпаў на 1963-1978 гады.
Cустрэча ў Турыне праходзіла пад дэвізам: Кансэкраваная панна ў сімфоніі Касцёла: клопат пра адносіны. Форум з’яўляецца часткай падрыхтоўкі да Сінода Біскупаў па сінадальнасці і да Юбілею 2025 года, на які прыпадае таксама 55 гадавіна аднаўлення абраду пасвячэння паннаў.
Як падкрэсліла Вівіяна Паліёта, адказная за Нацыянальную кантактную групу ordo virginum, “кансэкраваныя панны з’яўляюцца неад’емнай часткай дыяцэзіяльнай супольнасці, спрыяюць яе духоўнаму росту і евангелізацыйнай місіі, жывучы цалкам прысвечанымі Богу” ў свеце.
Вівіяна працуе ўрачом і жыве ў Рыме. У яе абавязкі, між іншым, уваходзіць арганізацыя фармацыйных сустрэч для кансэкраваных жанчын у Італіі. Па яе словах, гэтая форма пасвячэння неабавязкова прадугледжвае жыццё ў супольнасці, таму сінадальнасць з’яўляецца для іх прыярытэтам і штодзённым выклікам, бо даводзіцца “змагацца са спакусай індывідуалізму”.
На ўсіх кантынентах пражывае больш за 5 тысяч кансэкраваных паннаў.