Cетка каталіцкіх камунікатараў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна Cетка каталіцкіх камунікатараў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна  

Касцёл Лацінскай Амерыкі абвясціў аб стварэнні сеткі каталіцкіх журналістаў

Біскупская рада Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM) абвясціла аб стварэнні касцёльнай сеткі камунікатараў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

29-31 ліпеня 2024 года ў штаб-кватэры Біскупскай рады ў Багаце адбылася сустрэча, у якой прынялі ўдзел 45 прадстаўнікоў 16 Біскупскіх Канферэнцый і 10 касцёльных арганізацый рэгіёна. Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што сумеснымі намаганнямі, з дапамогай сінэргіі, ведаў і досведу кожнага, змогуць унесці свой уклад у пабудову лепшага грамадства. Было прынята рашэнне стварыць новую арганізацыю, мэта якой – спрыяць супрацоўніцтву каталіцкіх арганізацый у галіне камунікацыі.

Кіраўнік камунікацыйнага цэнтра Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна Оскар Элізаўдэ заахвоціў удзельнікаў "рашуча зрабіць стаўку на новую сетку, якая прапануе новыя магчымасці для камунікацыі” у адказ на заклік Францішка “быць Касцёлам у камуніі, удзеле і місіі".

Біскуп Даніэль Франсіска Бланка з Коста-Рыкі благаславіў новы праект, падкрэсліўшы яго вырашальную ролю ў евангелізацыйнай місіі лацінаамерыканскага Касцёла. Ён выказаў спадзяванне на тое, што новая сетка “будзе голасам надзеі перад тварам суровых рэалій, з якімі сутыкаюцца многія краіны Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна”.

02 жніўня 2024, 10:47