Падчас папскай Імшы. Ілюстрацыйнае фота Падчас папскай Імшы. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Квіткі на папскую Імшу ў Бруселі разышліся за 90 хвілін

Усе індывідуальныя квіткі на папскую Імшу, якая адбудзецца 29 верасня 2024 года на стадыёне караля Бадуэна ў Бруселі, ужо разабраны. Як паведаміў інфармацыйнаму парталу CathoBel Герт Дэ Керпель, яны разышліся за 90 хвілін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дэ Керпель, які з'яўляецца прэс-сакратаром арцыбіскупа Бруселя-Мехелена і галоўным рэдактарам хрысціянскага штотыднёвіка Tertio, адказвае за камунікацыю падчас візіту Папы Францішка ў Бельгію. Стадыён, адкрыты ў 1930 годзе, можа змясціць 35 тысяч чалавек.

Квіткі размяркоўваліся праз сайт Ticketmaster, які звычайна выкарыстоўваецца для продажу білетаў на канцэрты такіх зорак, як Эд Шыран ці Тэйлар Свіфт.

Канферэнцыя Біскупаў Бельгіі працягвае даваць надзею тым, хто не змог атрымаць квіткі на папскую Імшу. Прэс-сакратар Томі Шольт паведаміў выданню The Brussels Times, што арганізатары зробяць усё магчымае, каб забяспечыць людзей дадатковымі месцамі.

Святары і дыяканы могуць падаваць заяўкі па электроннай пошце. Таксама ёсць вольныя месцы для груп, моладзі і маладых дарослых, якія ўдзельнічаюць у фестывалі Hope Happening, які праходзіць паралельна з візітам Папы.

З 26 па 29 верасня 2024 года Францішак наведае спачатку Люксембург, а потым Бельгію. Да канца XX стагоддзя ў абедзвюх краінах пераважалі католікі, якія складалі больш за 70 працэнтаў насельніцтва.

Галоўнымі падзеямі і фактычнай прычынай візіту з'яўляюцца два выступы Пантыфіка: у фламандскім Каталіцкім універсітэце ў Лёвене і ў франкамоўным Каталіцкім універсітэце ў Лувэн-ля-Нёў.

Перад візітам у Бельгію 87-гадовы Францішак з 3 па 13 верасня 2024 года наведае краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку Інданезію, Папуа-Новую Гвінею, Усходні Тымор і Сінгапур.
 

23 жніўня 2024, 10:13