Папа Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі праектаў Scholas Occurentes Папа Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі праектаў Scholas Occurentes  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа адкрые прадстаўніцтва Scholas Occurentes у Інданезіі

Папскі фонд Scholas Occurentes запускае першы праект для маладых лідараў у Інданезіі. Пантыфік сустрэнецца з імі падчас візіту ў гэту краіну. Ён адкрые таксама першы офіс фонда ў Інданезіі і ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У адукацыйнай праграме Scholas Citizenship, разлічанай на дзесяць дзён, прымуць удзел 200 дэлегатаў розных веравызнанняў і этнічнага паходжання з адукацыйных устаноў з розных частак Інданезіі. Мэта праекта – падрыхтаваць групу ўніверсітэцкай моладзі і маладых настаўнікаў, якія змогуць ужываць інавацыйную метадалогію Scholas Occurentes у сваіх установах і супольнасцях. Гаворка ідзе пра пашырэнне культуры сустрэчы і міра, вельмі дарагія Францішку.

Ініцыятыва стане першым праектам Папскага фонда ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Яна рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі, культуры, даследаванняў і тэхналогій Інданезіі і пры падтрымцы глабальнага руху 5P, які займаецца прасоўваннем дэмакратычных каштоўнасцяў, міжнароднага супрацоўніцтва і чалавечага патэнцыялу, канцэнтруючыся на пяці фундаментальных прынцыпах: Мір, Росквіт, Людзі, Планета, Партнёрства (па-англійску Peace, Prosperity, People, Planet, Partnership).

У 2022 годзе Scholas Occurentes была запрошана на саміт Вялікай дваццаткі, які праходзіў на востраве Балі ў Інданезіі. Падчас глабальнага форума прадстаўнікі Фонда маглі сустрэцца з лідарамі ў палітычнай, адукацыйнай і сацыяльнай сферах і прадставіць досвед Scholas як інавацыйную мадэль адукацыі ў рэгіёне. У рамках G20 адбылася іх сустрэча з Міністрам адукацыі Інданезіі, падчас якой абмяркоўвалася магчымасць ажыццяўлення дзейнасці фонда ў гэтай краіне. Былі праведзены перамовы аб умацаванні сувязяў з рознымі зацікаўленымі бакамі ў Інданезіі і Азіі ў цэлым.

Папскі фонд Scholas Occurentes накіраваў у Інданезію каманду лідараў, каб лепш зразумець мясцовую сітуацыю і распрацаваць эфектыўную стратэгію дзейнасці. У цесным супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі, школамі і ўніверсітэтамі, быў распрацаваны комплексны план працы па развіцці грамадзянскай адказнасці сярод маладых інданезійцаў. Была выбрана таксама група мясцовай моладзі для праходжання інтэнсіўнага навучання метадалогіі Scholas у офісе арганізацыі ў іспанскай Грэнадзе, каб пасля заканчэння фармацыі, яны маглі ўжываць свае навыкі на радзіме. Пасля правядзення адмысловай ацэнкі было вырашана адкрыць першае прадстаўніцтва Scholas Occurentes у Інданезіі. Яго інаўгурацыю здзейсніць Папа. Падзея адбудзецца 4 верасня 2024 года ў рамках яго Апостальскага падарожжа ў гэту азіяцкую краіну.
 

08 жніўня 2024, 09:57