Місіянеры ў Папуа-Новай Гвінеі Місіянеры ў Папуа-Новай Гвінеі 

Папуа-Новая Гвінея: душпастыры чакаюць візіту Пантыфіка

Падчас візіту ў Папуа-Новую Гвінею Святы Айцец сустрэнецца з прадстаўнікамі “вулічнага душпастырства”, у тым ліку з законніцамі, якія клапоцяцца пра беспрытульных дзяцей.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Адной з манахінь, якая будзе мець магчымасць паразмаўляць з Папам 7 верасня 2024 года, стане індыйская місіянерка сястра Ангела Перыянаягам з кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Ужо на працягу шасці гадоў яна апякуецца беспрытульнымі дзецьмі ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, якіх знаходзіць на вуліцах бедных раёнаў Порт-Морсбі.

Разам з іншымі манахінямі і настаўнікамі сястра Ангела вучыць дзяцей чытаць, пісаць і лічыць, каб у далейшым яны маглі працягнуць адукацыю ў школе або проста мець базавыя навыкі, якія дадуць ім надзею на будучыню.

Душпастырства абяздоленых дзяцей у Папуа-Новай Гвінеі існуе з 2016 года. Яно ўзнікла дзякуючы прароцкай ідэі першага мясцовага кардынала Джона Рыбата. Сястра Перыянаягам распавяла, што манахіні знаходзяць дзяцей на вуліцах сталіцы і расказваюць іх бацькам пра ініцыятыву.

Заняткі праводзяцца чатыры разы на тыдзень. Дзеці вывучаюць не толькі школьныя прадметы, але таксама катэхізіс, асновы здаровага харчавання, займаюцца спортам. Калі яны засвойваюць чытанне і пісанне законніцы дапамагаюць сваім выхаванцам пайсці ў звычайную школу, аказваюць фінансавую падтрымку.

“На цяперашні час у дзесяці розных школах вучацца амаль 40 дзяцей, якія пачалі сваю адукацыю ў нас”, - расказала місіянерка ў інтэрв’ю агенцтву Asia News. Яна патлумачыла, што галоўная мэта іх служэння заключаецца ў тым, каб забяспечыць абяздоленым дзецям такія ж магчымасці, што і ў іншых дзяцей. “Мы хочам усяліць надзею ў будучыя пакаленні, распаўсюджваць Божую любоў і клопат пра малых”, - дадала сястра Ангела Перыянаягам.
 

14 жніўня 2024, 13:21