Кардынал Паралін у Асізі на ўрачыстасцях у гонар святой Клары Кардынал Паралін у Асізі на ўрачыстасцях у гонар святой Клары 

Кардынал Паралін у Асізі: вайна нікому не прыносіць карысці

Кардынал П'етра Паралін заклікаў да гарачай малітвы за мір у свеце. Ён зрабіў гэта ў Асізі, дзе ён узначаліў урачыстую Эўхарыстыю ў дзень успаміну святой Клары. На яго думку, украінскі наступ у Курску можа аддаліць мір.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас літургіі ў базіліцы святой Клары Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы заклікаў да малітвы і будавання міру ў свеце. Ён нагадаў словы Пантыфіка пра тое, што "вайна заўсёды з'яўляецца паразай для ўсіх і нікому не прыносіць карысці".

Іерарх, які ў ліпені быў з місіяй ва Украіне, наведваючы Кіеў, Адэсу і Львоў, на палях урачыстасці адказаў на пытанні журналістаў, у тым ліку адно, што тычылася афенсівы, распачатай Украінай ля расійскага Курска. "Гэта вельмі трывожныя падзеі, бо яны азначаюць адкрыццё новых франтоў. У гэтым сэнсе магчымасці міру ўсё больш аддаляюцца", - лічыць кардынал Паралін.

Пра вайну дзяржсакратар казаў таксама ў гаміліі. Ён падкрэсліў неабходнасць даваць сведчанне любові "ў свеце, які ўсё больш бяднее на любоў, але адначасова ўсё больш прагне любові", і нагадаў пра актуальнасць прыкладу жыцця святой Клары і яе радыкальнага выбару ўбоства, што асабліва важна "у нашым грамадстве, пазначаным спажывальніцтвам, геданізмам, бязмежнай пагоняй за задавальненнем патрэб, выкліканых рэкламай і сацыяльным пераймальніцтвам, а таксама марнатраўствам дабротаў".

У гутарцы з журналістамі кардынал Паралін падкрэсліў неабходнасць "агалення сябе, як зрабілі гэта Клара і Францішак, не столькі ад матэрыяльных дабротаў, колькі ад эгаізму, уласных пазіцый і прэтэнзій, каб адкрыцца на іншых у стаўленні братэрства і мірнага падыходу".

У свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў касцёлах і кляштарах Асізі адбудзецца малітва-просьба аб міры на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце. Гэта адказ на заклік, выказаны кустодам Святой Зямлі ў гэты змрочны момант гісторыі.
 

12 жніўня 2024, 09:46