Архіў Дыкастэрыі кансэкраванага жыцця Архіў Дыкастэрыі кансэкраванага жыцця 

Святы Пасад: выключэнне заснавальніка Садаліцыі з руху

Святы Пасад прыняў рашэнне аб выключэнні Луіса Фернанда Фігары з заснаванага ім руху Садаліцыі Хрысціянскага Жыцця (Sodalitium Christianae Vitae). Рашэнне было прынята Дыкастэрыяй па справах кансэкраванага жыцця і абвешчана епіскапатам Перу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гаворка ідзе пра таварыства апостальскага жыцця, заснаванае Фігары ў 1970-х гадах у Перу. Рух хутка распаўсюдзіўся па Лацінскай Амерыцы і стаў адной з найбольш актыўных евангелізацыйных суполак у рэгіёне. Ён складаецца з свецкіх вернікаў і святароў, якія жывуць разам і прыносяць вечныя шлюбы цэлібату і паслушэнства.

З часам пачалі з'яўляцца сур'ёзныя абвінавачванні супраць Фігары і іншых лідараў руху. Фігары быў абвінавачаны ў фізічным, псіхалагічным і сексуальным гвалце, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх. Акрамя таго, кіраўніцтва руху было замешана ў фінансавых парушэннях.

Першыя абвінавачванні з'явіліся ў пачатку 2000-х гадоў пасля заяў былых чальцоў руху і журналісцкіх расследаванняў. У 2015 годзе быў апублікаваны зборнік сведчанняў ахвяр, што прывяло да шырокага розгаласу справы.

У 2018 годзе пракуратура Перу запатрабавала ўзяць пад варту некалькіх актуальных і былых чальцоў Руху, уключаючы Фігары. У Садаліцыі была створана следчая група, якая выявіла вінаватых у злачынствах, здзейсненых з 1975 па 2002 год у дачыненні да прыкладна 36 чалавек, з якіх 19 былі непаўналетнімі.

У той жа год Святы Пасад забараніў Фігары вяртацца ў Перу без спецыяльнага пісьмовага дазволу прызначанага камісара, біскупа Наэля Антоніа Ландоньё Буйтрага. Забарона была матывавана страхам, што Фігары можа "нанесці дадатковую шкоду людзям", "схаваць і знішчыць доказы супраць сябе" або "перашкодзіць ходу касцёльнага і грамадзянскага правасуддзя".

У ліпені 2023 года Папа Францішак накіраваў у Перу дваіх спецыяльных следчых для расследавання справы: арцыбіскупа Мальты Чарльза Шыклуну і іспанскага святара Жордзі Бертамеу – абодва з Дыкастэрыі веравучэння.

Цяперашняе рашэнне аб выключэнні Фігары з руху згодна з канонам 746 Кодэкса кананічнага права з'яўляецца канчатковым крокам у гэтай доўгай гісторыі. Яно падкрэслівае рашучасць Святога Пасада ў барацьбе з злоўжываннямі ў Касцёле і дэманструе яго гатоўнасць прымаць жорсткія меры нават у дачыненні да заснавальнікаў уплывовых рэлігійных рухаў.
 

16 жніўня 2024, 09:06