Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У гродзенскую семінарыю залічаны 10 першакурснікаў. Па выніках уступных экзаменаў, якія прайшлі 9 жніўня 2024 года, у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семiнарыю ў Гродне прыняты новыя студэнты: дзевяць – з Гродзенскай дыяцэзіі і адзін – з Пінскай дыяцэзіі.
На фэсце Каралевы Палесся ў Лагішыне сабраліся пілігрымы. 9 жніўня 2024 года ў санктуарый Маці Божай у гэтым мястэчку прыбылі пешыя пілігрымкі з Баранавічаў і Бярозы. Пасля вячэрняй святой Імшы вакол санктуарыя адбылася малітоўная працэсія са свечкамі, канцэрт праслаўлення, усяночнае малітоўнае чуванне перад цудадзейным абразом Маці Божай. Фэст працягваецца ў суботу.
Акцыя па аднаўленні старадаўняга касцёла праходзіць на Маладзечаншчыне. 8-10 жніўня 2024 года парафія святога Казіміра ў Маладзечне запрасіла ўсіх жадаючых далучыцца да працы ў вёсцы Хоўхлава: маладзечанскія парафіяне разам з камандай Радыё Марыя і валанцёрамі праводзяць добраўпарадкаванне склепа-пахавальні і фарбуюць драўляны будынак святыні. Да працы далучыліся моладзь і дарослыя.
Юбілей знаходжання ў Гродне абраза Маці Божай Кангрэгацкай адзначылі ў мясцовай катэдры. 4 жніўня 2024 года з нагоды 360-й гадавіны знаходжання ў горадзе абраза Апякункі студэнтаў святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У цэлебрацыі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і каад’ютар дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Перад Імшой было здзейснена благаслаўленне адрэстраўраваных арганаў катэдры.
Фестываль ва Ўселюбе сабраў каля 500 удзельнікаў. 3 жніўня 2024 года ў парафіі святога Казіміра адбыўся IV хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі Novafest, у якім удзельнічалі вернікі з усіх дыяцэзій Беларусі. Праграма ўключала святую Імшу, канферэнцыі, набажэнствы, малітву спевам, сведчанні, адарацыю. Арганізатары прапанавалі розныя лакацыі, у тым ліку Казіміраўскую пошту, праз якую адпраўлялі паштоўкі з малітвай у інтэнцыі адрасата.
У Магілёве з удзелам іерархаў адзначылі залаты юбілей біскупа Аляксандра Яшэўскага. 6 жніўня 2024 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі святкаваў 50-годдзе з дня нараджэння. Юбіляр цэлебраваў святую Імшу разам з іншымі іерархамі. Ад імя духавенства архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі выказаў падзяку бацькам біскупа Аляксандра і заўважыў, што яго служэнне ўжо прынесла і прыносіць шчодрыя плады. Да віншаванняў у адрас юбіляра далучыліся таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады.
Фэст святога Ігнацыя ў Віцебску ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. 4 жніўня 2024 года ў парафіі святога Уладзіслава адбыўся фэст у гонар святога, імя якога носіць парафіяльны касцёл. Свята пачалося са святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі. У гаміліі ардынарый адзначыў асобу святога Ігнацыя Лаёлы як невыпадковую ў гісторыі Касцёла, заклікаючы праз яго заступніцтва прасіць аб ласцы вернасці пакліканню. Пасля Імшы парафіяне паказалі сцэнку, запрасілі на пачастунак і танцы.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.