Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Фэст у Браславе, юбілей касцёла, развітанне са святаром – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

На фэст Валадаркі азёраў у Браславе прыбылі пілігрымы. Урачыстасці ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Браслаўскай праходзяць 16-17 жніўня 2024 года пад дэвізам "Праз стагоддзі пад Тваёй апекай, Марыя". Фэст адбываецца ў межах святкавання 25-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Пешшу з Глыбокага прыйшлі каля 100 пілігрымаў. У праграме фэсту – вячэрняя працэсія з копіяй абраза Маці Божай, начная святая Імша, набажэнствы, урачыстая Імша на палявым алтары.

Aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у родным Адэльску ўрачыстасць Унебаўзяцця Панны Марыі. 15 жніўня 2024 года святая Імша цэлебравалася на палявым алтары побач са старадаўнім адэльскім касцёлам і была спалучана з "дажынкамі". Арцыбіскуп эмэрыт у гаміліі адзначыў, што "урачыстасць Унебаўзяцця Марыі падкрэслівае праўду аб збаўленні ўсяго чалавека – з целам і душой": "Сучаснасць Марыі – гэта будучыня, падрыхтаваная для нас, пры ўмове, што мы будзем браць з Яе прыклад".

Спачылага ксяндза Уладзіслава Шышлу пахавалі на малой радзіме ў Даўгінаве. Пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве, дзе святар нёс служэнне 15-ы год, адышоў у вечнасць 10 жніўня 2024 года на 58-м годзе жыцця. У Даўгінаве 12 жніўня пахавальную Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч пры ўдзеле Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, чатырох дзесяткаў святароў, вернікаў, сярод якіх была мама памерлага ксяндза Эмілія, яго родныя і блізкія.

У Гнезне з удзелам біскупа Гродзенскага адзначылі 500-годдзе касцёла. 11 жніўня 2024 года ў святыні, пабудаванай у першай палове XVI стагоддзя, адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі сабралося больш за 30 святароў, законныя сёстры, госці і вернікі мясцовай парафіі святога Арханёла Міхала. Як падкрэсліў біскуп Гродзенскі, "святыня – знак Божай прысутнасці ў гісторыі свету і жыцці чалавека": "Калі дзесьці бачны касцёл, ён з’яўляецца знакам, што ў гэтых мясцінах жывуць вызнаўцы Хрыста, верны народ, які засноўвае сваю надзею на Богу, у Яго шукае святла, праўды, дапамогі і падмацавання". Гнезненскі касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры позняй готыкі і адной з найстарэйшых у Беларусі святыняў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

17 жніўня 2024, 08:21