Кардынал Уільям Го, арцыбіскуп Сінгапура Кардынал Уільям Го, арцыбіскуп Сінгапура  (Vatican Media)

Кардынал Го: Касцёл – пасол міласэрнасці і любові Хрыста

Ключавыя пасланні Папы тычацца таго, каб будаваць гармонію ў свеце, быць інклюзіўным і рабіць Касцёл сакрамэнтам міласэрнасці і спагады Езуса да іншых, - заўважыў у каментары для Vatican News кардынал Уільям Го Сэн Чэ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Арцыбіскуп Сінгапура перакананы, што візіт Францішка ў гэту краіну быў важным не толькі для мясцовых католікаў: ён паказаў усяму свету прыгажосць каталіцкай веры, а таксама адкрытасць Касцёла і яго гатоўнасць абараняць прыгнечаных і спрыяць агульнаму дабру ўсіх. “Касцёл – пасол міласэрнасці і любові Хрыста”, - дадаў іерарх.

Кардынал лічыць, што візіт Папы ўмацуе адзінства Касцёла ў Сінгапуры, бо ўжо распаліў веру народа і заахвоціў мясцовых вернікаў працаваць разам. Ён выказаў пажаданне, каб у доўгатэрміновай перспектыве гэта падзея дапамагла пабудаваць па-сапраўднаму з’яднаны Касцёл у Сінгапуры, у тым ліку праз сінадальны працэс, каб зрабіць яго больш жывым, евангелізуючым і місіянерскім.

На думку арцыбіскупа Сінгапура, Касцёл у Азіі можа многаму навучыць Паўсюдны Касцёл: напрыклад, сустракаць Бога ў сэрцы, цаніць простыя праявы народнай пабожнасці, быць больш адкрытым на інкультурацыю літургіі і выразы любові людзей да Бога.
 

14 верасня 2024, 11:59