Кардынал Ігнацыюс Сухар’ё Харджоатмоджа Кардынал Ігнацыюс Сухар’ё Харджоатмоджа  (AFP or licensors)

Кардынал Сухар’ё: прагну, каб вера змяняла штодзённасць людзей

Візіт Папы падтрымаў інданезійскіх католікаў, які прагнуць расці ў веры, братэрстве і спагадзе, падзяліўся ў інтэрв’ю выданню Acistampa кардынал Ігнацыюс Сухар’ё Харджоатмоджа, арцыбіскуп Джакарты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У Інданезіі вельмі даўнія гістарычныя адносіны з Ватыканам. Апостальская Сталіца была адной з першых, хто прызнаў незалежнасць Інданезіі, і з 1947 года мае сваіх прадстаўнікоў у гэтай краіне. Да Францішка Інданезію наведалі Павел VI у 1970 годзе і Ян Павел II у 1989 годзе. Сваім візітам Францішак пацвердзіў гэтыя адносіны”, - падкрэсліў іерарх.

Па яго словах, дзякуючы візіту Святога Айца Касцёл у Інданезіі, “адчуў сябе падтрыманым у дынаміцы свайго жыцця, пра што сведчыць тэма апостальскага падарожжа: Больш веры, больш братэрства, больш спагады”. “Гэты дэвіз не з’яўляецца толькі пустой формулай, але адлюстроўвае сапраўднае жыццё Касцёла. Вернікі Касцёла ў Інданезіі павінны працягваць расці ў веры”, - сцвердзіў ён.

Каментуючы наведванне Францішкам Тунэлю братэрства ў Джакарце, які злучае вялікую сталічную мячэць і каталіцкі касцёл, кардынал падкрэсліў, што тэма братэрства “вельмі важная для інданезійскага народа, бо ён складаецца з мноства розных плямёнаў, рэлігій, моў і культур”.

Іерарх адзначыў, што адносіны паміж вызнаўцамі рэлігій адрозніваюцца ў розных частках гэтай вялікай краіны, але ўлады садзейнічаюць іх прымірэнню. “Можа мы яшчэ не дасягнулі ідэальнай сітуацыі, але згодна з маімі назіраннямі, міжрэлігійныя адносіны з’яўляюцца добрымі”, - сказаў ён, заўважаючы, што Францішак сустрэўся з лідарамі розных рэлігійных супольнасцей, а першым, хто быў паінфармаваны аб запланаваным падарожжы Папы стаў вялікі імам мячэці Істыкляль у Джакарце.

Кардынал Сухар’ё адзначыў, што папскія дакументы, такія як Laudato si’, Fratelli tutti, а таксама Дэкларацыя аб агульначалавечым братэрстве, падпісаная ў Абу-Дабі, вывучаюцца не толькі католікамі, але таксама іншымі рэлігійнымі супольнасцямі. Паміж імі ажыццяўляецца супрацоўніцтва ў розных сферах, у прыватнасці ў дапамозе бедным і клопаце пра экалогію.

Іерарх заўважыў, што інданезійскія католікі, нягледзячы на тое, што складаюць усяго тры працэнты насельніцтва краіны, прымаюць актыўны ўдзел у яе жыцці, у тым ліку займаючы важныя пасады ў дзяржаўным апараце. “Разам з іншымі рэлігійнымі супольнасцямі яны клапоцяцца пра развіццё нашай краіны праз адукацыю, ахову здароўя і іншыя ініцыятывы”, - сказаў арцыбіскуп Джакарты, выказваючы пажаданне, каб вера перамяняла штодзённае жыццё інданезійцаў і спрыяла знікненню такіх з’яў як карупцыя, гандль людзьмі, самагубствы і канфлікты.
 

17 верасня 2024, 10:20