Кардынал з Карэі прадказвае поспех Папскага візіту ў Азію
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Лазарус Ю Хён-сік, цяперашні прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, родам з Карэі. Ён падзяліўся сваімі думкамі наконт папскага падарожжа, адзначыўшы што яно пацвярджае асаблівую цікавасць Францішка да Далёкага Усходу, падкрэслівае ўвагу да перыферыі Касцёла, дэманструе адкрытасць да разнастайнасці ў хрысціянстве.
Іерарх заўважыў, што падчас візіту Папа акунецца ў шматкультурнае асяроддзе, дзе суіснуюць розныя культуры і рэлігійныя традыцыі. Гэта дазволіць падкрэсліць прыклад гарманічнага суіснавання ў свеце, які ўсё яшчэ пакутуе ад канфліктаў і войнаў.
Гаворачы пра ролю Азіі ў кантэксце веры, кардынал адзначыў, што гэты кантынент прадстаўляе новыя падыходы да хрысціянскай веры, спалучаючы яе з мясцовымі духоўнымі традыцыямі. Тут развіваюцца новыя моўныя і душпастырскія мадэлі, а таксама надаецца асаблівая ўвага міжрэлігійнаму дыялогу.
Абвяшчэнне Евангелля ў Азіі звязана з пэўнымі выклікамі. Неабходны баланс паміж укараненнем у мясцовую культуру і захаваннем хрысціянскіх каштоўнасцей. Існуе неабходнасць супрацьстаяць секулярызацыі і спажывецкай ментальнасці, асабліва сярод моладзі. Таксама трэба вырашаць пытанні, звязаныя з мясцовымі вераваннямі, такімі як магія, чараўніцтва, трыбалізм і анімізм. Не менш важнай з'яўляецца ўвага да праблем беднасці сям'і і абароны жыцця.
Кардынал Ю Хён-сік асабліва падкрэсліў важнасць хрысціянскага сведчання. Ён адзначыў, што жывое сведчанне веры з'яўляецца ключавым для абвяшчэння Евангелля. У якасці прыкладу іерарх прывёў святога Андрэя Кіма, першага карэйскага мучаніка, і іншых азіяцкіх мучанікаў, якія сваім жыццём паказалі важнасць жыццёвага сведчання.
Падарожжа Францішка кардынал-прэфект разглядае як выдатную магчымасць умацаваць веру католікаў у Азіі і падкрэсліць важнасць міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялогу ў сучасным свеце. Ён перакананы, што падзея несумненна будзе мець вялікае значэнне не толькі для Касцёла ў Азіі але і для ўсяго каталіцкага свету.