Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Місіянер: служыць у Папуа-Новай Гвінеі – райская прыгода

“Неверагодна сустракаць людзей, якія так моцна прагнуць Бога”, - адзначыў айцец Алехандра Дыяс, якія працуе сярод папуасаў і будуе ў Папуа-Новай Гвінеі кляштар свайго таварыства.

Ян Глінскі

“Гэта сапраўды райская прыгода”, - дадаў у інтэрв’ю ватыканскім СМІ аргентынскі законнік з Таварыства Уцелаўлёнага Слова, апісваючы сваю працу сярод насельніцтва гэтай вялікай краіны. Касцёл тут, па словах місіянера, малады і жывы, які хоча развівацца і абвяшчаць Евангелле, нягледзячы на матэрыяльную беднасць.

Як дадаў айцец Дыяс, вялікая колькасць людзей прымае хрост, а наведвальнасць падчас нядзельных літургій уражвае. “Давялося нават сказаць міністрантам, каб яны не прыходзілі ўсе разам, бо іх было занадта шмат на ранішняй Імшы, – прызнаўся місіянер. – Нас заўсёды чакаюць і радуюцца, калі мы прыязджаем”.

Айцец Дыяс выказаў радасць, што Папа Францішак акрамя сталіцы наведае таксама горад Ваніма, дзе кожны трэці – католік. “Ёсць шмат іншых месцаў, больш важных за Ваніма, – прызнаўся ён, – але Францішак абраў наш рэгіён, і мы яму за гэта вельмі ўдзячныя”.

Па словах місіянера, папскаму візіту папярэднічала хваля падрыхтоўкі: “Мы клапаціліся не толькі пра матэрыяльныя рэчы, але і пра тое, каб падрыхтаваць людзей да гэтай сустрэчы праз малітву і парафіяльныя рэкалекцыі”. У сустрэчы ў Ваніма прымуць удзел, між іншым, прадстаўнікі карэннага насельніцтва, якія прыйдуць прама з джунгляў. “Тыя, хто хоча ўбачыць Папу, кажуць, што гэта Езус прыязджае, яны хочуць слухаць Яго і атрымаць ад Яго благаслаўленне”, — падкрэсліў манах.

Аргентынец мае надзею, што сустрэча з Папам стане часам ласкі таксама для місіянераў і заахвочваннем да большай руплівасці ў місіі, якая ў гэтай краіне вельмі няпростая.
 

06 верасня 2024, 11:32