Вернікі Усходняга Тымора ў касцёле Беззаганнага Зачацця ў Дзілі Вернікі Усходняга Тымора ў касцёле Беззаганнага Зачацця ў Дзілі 

Папа ва Усходнім Тыморы: надзея на абнаўленне веры і грамадства

Візіт Папы павінен прынесці “новае паветра” не толькі ў сферу веры, але таксама ў дзяржаўныя структуры і жыццё насельніцтва – такое спадзяванне выказаў біскупскі вікарый па душпастырскіх справах архідыяцэзіі Дзілі ва Усходнім Тыморы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У каментары для Vatican News ксёндз Хавіта Рэга дэ Хэсус Араўха заўважыў, што візіт Пантыфіка адбудзецца ў кантэксце нагаманняў, якія мясцовы Касцёл прыкладае, каб зрабіць веру важным элементам штодзённага жыцця тыморскага грамадства і інкультураваць яе ў лакальную культуру.

Святар патлумачыў, што ў менавіта ў сувязі з гэтым Канферэнцыя Біскупаў Усходняга Тымора прапанавала зрабіць дэвізам падарожжа Святога Айца словы: Няхай ваша вера будзе вашай культурай.

Ксёндз Араўха адзначыў, што ва Усходнім Тыморы “ёсць шмат рэчаў, якія не адлюстроўваюць бляску веры”. Ён згадаў пра нянавісць і насілле, якія пазначылі мінулае краіны, а часам праяўляюцца ў сучаснасці. Душпастыр выказаў спадзяванне на тое, што візіт Францішка зможа прынесці “новае паветра”, неабходнае не толькі для абнаўлення веры, але таксама дзяржаўных структур і ўсяго насельніцтва.

Біскупскі вікарый заўважыў таксама, што важнае значэнне для будучыні грамадства будзе мець сустрэча Папы з некалькімі тысячамі маладых людзей, запланаваная на 11 верасня. Ён нагадаў, што моладзь складае большасць насельніцтва Усходняга Тымору, і перамены, якіх чакае мясцовы Касцёл, у многім залежаць менавіта ад новых пакаленняў.
 

09 верасня 2024, 11:24