Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папуа-Новая Гвінея: Папу сустрэне маладая супольнасць Касцёла

6 верасня 2024 года распачаўся другі этап 45-га апостальскага падарожжа Папы Францішка. З Інданезіі Святы Айцец накіраваўся ў Порт-Морсбі, сталіцу Папуа-Новай Гвінеі.

Ян Глінскі

На сустрэчу з Папам прыбудуць жыхары самых аддаленых астравоў. Для іх падрыхтаваны спецыяльны намётавы гарадок, у якім яны могуць застацца на некалькі дзён. Дзякуючы гэтай ініцыятыве ў сустрэчах з Пантыфікам змогуць удзельнічаць таксама бедныя папуасы, якія не маглі аплаціць пражыванне ў сталіцы.

Па словах сястры Шанці Джозэф з Таварыства Маці Божай Суцяшэння, якая працуе на востраве пятнаццаць гадоў, Пантыфік сустрэне тут “жывую веру” і “вельмі дынамічную, маладую супольнасць Касцёла”. Як заўважыла місіянерка з Індыі, Евангелле ў гэтай краіне прышчэплена ў традыцыйную культуру і такім чынам яно яднае папуаскае грамадства, якое размаўляе на 800 мовах і мае столькі ж культур. “Мяне ўражвае велізарная пакора гэтых людзей і іх радасць жыцця, нягледзячы на існуючыя цяжкасці”, - адзначыла сястра.

Як падкрэсліла місіянерка, вялікім выклікам для Папуа-Новай Гвінеі застаецца забеспячэнне дзецям і моладзі доступу да адукацыі. Звыш паловы насельніцтва – непісьменныя. Сястра Шанці ўзгадала сваю працу ў школе ў Ватулуме: на заняткі вучні вымушаны былі дабірацца з навакольных астравоў па акіяне. “Гэта была тэрыторыя, адрэзаная ад свету. Туды не даходзіла ніводная дарога”, – адзначыла місіянерка, указаўшы пры гэтым на актыўны ўдзел Касцёла ў справе адукацыі і равіцці службы аховы здароўя.

Як дадала місіянерка, семдзесят працэнтаў папуаскага грамадства складаюць маладыя людзі. Усё больш з іх пачынаюць адкрывацца на дар паклікання да святарскага або манаскага жыцця.

Пасля візіту ў Папуа-Новую Гвінею Пантыфік працягне сваё маштабнае апостальскае падарожжа і накіруецца ва Усходні Тымор, а затым у Сінгапур.
 

06 верасня 2024, 10:06