Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Гашэннем маркі з выявай Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне завяршылася служэнне арцыбіскупа Антэ Ёзіча ў Беларусі. 16 верасня 2024 года Апостальскі нунцый удзельнічаў ва ўрачыстым гашэнні паштовай маркі ў гродзенскай катэдры. Марка была сумесна выпушчана Беларуссю і Ватыканам. Прадстаўнік Папы Францішка ў сваёй прамове назваў вялікім гонарам для сябе тое, што яго апошні афіцыйны візіт у якасці нунцыя прысвечаны цудадзейнаму абразу Нябеснай Маці, які на працягу некалькіх стагоддзяў ахоўвае беларускі народ.
Ад Рыма да Астаны – беларускія біскупы адправіліся ў далёкія камандзіроўкі. Наймалодшыя іерархі – каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска – удзельнічаюць у курсе для новапрызначаных біскупаў, яны цэлебравалі святую Імшу ў ватыканскай базыліцы і сустракаліся з Папам Францішкам. Група іншых беларускіх іерархаў, на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім бярэ ўдзел у сустрэчы каталіцкіх біскупаў Еўразіі ў Астане.
Крыжовы шлях прайшоў на гудагайскай Кальварыі – самай вялікай у Беларусі. 15 верасня 2024 года, назаўтра пасля свята Узвышэння Святога Крыжа, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі на набажэнстве Крыжовага шляху сабраліся парафіяне і госці, каб разважаць над таямніцамі Мукі і Смерці Хрыста. Кальварыя ў Гудагаі мае працягласць каля трох з паловай кіламетраў.
Каля 200 чалавек удзельнічалі ў пілігрымцы з Гродна ў Капцёўку. 15 верасня 2024 года адбылося пешае паломніцтва ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай, Суцяшальніцы засмучаных. Пілігрымка здзяйснялася з нагоды новага навучальнага і катэхетычнага года, каб прасіць Маці Божую аб благаслаўленні. У пілігрымцы ўдзельнічалі дзеці, моладзь і дарослыя, вучні, студэнты і настаўнікі, семінарысты.
Фестываль Хрысціянскай культуры прайшоў на Залатой Горцы ў Мінску. 15 верасня 2024 года ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ужо ў чацвёрты раз зладзілі фестываль Адна культура, адно багацце. Сёлетні форум прысвяцілі тэме Сустрэча веры і культуры. Пасля святой Імшы вернікі і госці парафіі мелі магчымасць наведаць арганізаваны на цвінтары касцёла кірмаш, для дзяцей арганізавалі гульні і забавы. У праграме фестывалю былі даклады, дыскусійная панэль, канцэртныя нумары.
У Іўі адбылася Імша за загінулых матацыклістаў. Байкеры сабраліся ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла 18 верасня 2024 года, калі адзначаецца Міжнародны дзень памяці загінулых матацыклістаў. Мотааматары, сярод якіх свецкія і духоўныя асобы, прасілі ў малітве шчаслівых і бяспечных падарожжаў для ўсіх кіроўцаў. Затым удзельнікі Імшы наведалі гарадскія могілкі, дзе памаліліся за загінулых матацыклістаў.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.