Ілюстрацыя Нікейскага Сабора Ілюстрацыя Нікейскага Сабора 

Малітва за еднасць хрысціян: 1700 гадоў Нікейскаму Сабору

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян 2025 года будзе прысвечаны 1700-годдзю Нікейскага Сабора. Матэрыялы падрыхтавалі манахі і манахіні Супольнасці Бозэ ў Італіі. Дакументы, даступныя на сямі мовах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Першы агульны для вызнаўцаў Хрыста Сабор, які адбыўся ў 325 годзе ў Нікеі, стаў вызначальным для фарміравання хрысціянскай дактрыны. Менавіта там быў сфармуляваны Нікейскі Сімвал веры, які і сёння з'яўляецца асновай хрысціянскага веравызнання для большасці канфесій.

"Ці верыш у гэта?" – словы з Евангелля паводле Яна (11, 26) сталі цэнтральнай тэмай разважанняў на 2025 год. Яны заклікаюць вернікаў паглыбіцца ў сутнасць сваёй веры і пераасэнсаваць яе ў святле агульнай хрысціянскай спадчыны. У прадмове да матэрыялаў падкрэсліваецца ўнікальнасць гэтай гадавіны для разважання і святкавання агульнай хрысціянскай веры, выказанай у Сімвале веры.

Матэрыялы для Тыдня малітваў выйшлі сумесна пад эгідай Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветнай рады Цэркваў (WCC). Яны будуць разасланыя ўсім супольнасцям, якія ўваходзяць у аб’яднанне, і каталіцкім біскупскім канферэнцыям па ўсім свеце.

Традыцыйна Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян у паўночным паўшар'і праводзіцца з 18 па 25 студзеня. У паўднёвым паўшар'і многія Цэрквы выбіраюць іншы час, часта каля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога (Пяцідзясятніцы), якая таксама сімвалізуе еднасць хрысціян.

"Гэты Тыдзень малітваў – не проста фармальнасць, але магчымасць для ўсіх хрысціян адчуць сваю еднасць у Хрысце, нягледзячы на канфесійныя адрозненні", - падкрэсліваецца ў сёлетніх матэрыялах.

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян 2025 года абяцае стаць значнай падзеяй, спрыяючы ўмацаванню сувязяў паміж хрысціянамі розных традыцый і нагадваючы пра агульныя карані веры, замацаваныя на Нікейскім Саборы 1700 гадоў таму.
 

11 кастрычніка 2024, 11:11