Аўдыенцыя для архіепіскапа Святаслава Шаўчука Аўдыенцыя для архіепіскапа Святаслава Шаўчука 

Архіепіскап Шаўчук: Папа хвалюецца за народ Украіны

“Гэта быў духоўны момант, момант абмену меркаваннямі і рэфлексіі” – такім словамі акрэсліў сваю сустрэчу з Папам Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 кастрычніка 2024 года Францішак прыняў кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на прыватнай аўдыенцыі ў Апостальскім палацы. Сустрэча адбылася напярэдадні візіту ў Ватыкан прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які адбудзецца 11 кастрычніка.

“Я хацеў паінфармаваць Святога Айца пра сітуацыю ва Украіне, пра катастрофу вайны, якую перажываем і пра выклікі, перад якім мы стаім зараз, калі набліжаецца зіма”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю ватыканскім СМІ. Ён адзначыў, што Папа па-сапраўднаму хвалюецца за мірнае насельніцтва і за ўсё, што адбываецца ва Украіне, асабліва за “безабаронных, якія найбольш пакутуюць”.

Архіепіскап расказаў Францішку пра жыццё Царквы ва Украіне ва ўмовах вайны, а таксама пра мясцовы Сінод Епіскапаў, які адбыўся ў ліпені і быў прысвечаны тэме евангелізацыі падчас вайны.

Па словах іерарха, Пантыфік падзякаваў яму за “гераічнае служэнне” Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, а таксама запэўніў у сваіх малітвах і благаслаўленні. Архіепіскап Шаўчук выказаў падзяку Папу за яго шматлікія заклікі і памяць пра “змучаную Украіну”, а таксама за пасрэдніцтва ў вызваленні двух грэка-каталіцкіх святароў, якія правялі ў няволі каля двух гадоў, і намаганні на карысць аблягчэння пакут ваеннапалонных.

Украінскі іерарх адзначыў таксама важнасць візіту Уладзіміра Зяленскага ў Ватыкан. “Наш прэзідэнт паважае Святога Айца як голас і глабальны аўтарытэт, які раздзяляе боль Украіны. Падтрымка Папы і Апостальскай Сталіцы вельмі важна для нашай краіны і нашага змучанага народа. Дзякуй Богу, што наш прэзідэнт прыехаў выслухаць Святога Айца”, - сказаў кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 

10 кастрычніка 2024, 15:08