Папа прыняў адстаўку дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Біскуп Казімір Велікаселец, нарадзіўшыся ў 1945 годзе ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна, прайшоў доўгі шлях духоўнага станаўлення і служэння. Яго глыбокая вера фарміравалася з маленства, калі бацька вазіў яго на ровары за дзясяткі кіламетраў у касцёл у Кобрыне.
Нягледзячы на атэістычнае процістаянне савецкіх часоў, вера Казіміра толькі мацнела. Яна дапамагла яму выстаяць падчас службы ў войску і цяжкай працы на будоўлі ў Вільні. Менавіта ў Вільні ён пазнаёміўся з айцамі-дамініканамі, з якімі пазней звязаў свой святарскі лёс.
Шлях да святарства быў няпросты. Тры гады ўлады не давалі дазволу на паступленне ў Рыжскую семінарыю. Аднак будучы біскуп не марнаваў часу, нелегальна вучыўся ў доктара тэалогіі, ксяндза Вацлава Пянткоўскага.
У 1981 годзе Казімір Велікаселец нарэшце быў прыняты ў Рыжскую духоўную семінарыю. Пасля яе заканчэння ў 1984 годзе ён атрымаў сакрамэнт святарства і пачаў служэнне ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі. У той час святароў катастрафічна не хапала, і айцец Казімір апекаваўся многімі адлеглымі парафіямі.
У 1992 годзе ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, а ў 1999 годзе быў кансэкраваны як біскуп. Яго біскупскае служэнне працягваецца амаль 25 гадоў. Нават пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту ў 2020 годзе яго паўнамоцтвы былі працягнуты.
У 2021 годзе біскуп Велікаселец некаторы час быў апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Цяпер, калі Папа Францішак прыняў яго адстаўку, завяршаецца важны этап у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.