Біскуп Казімір Велікаселец Біскуп Казімір Велікаселец 

Папа прыняў адстаўку дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі

Папа Францішак 10 кастрычніка 2024 года прыняў адстаўку дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца пасля амаль чвэрць стагоддзя яго біскупскага служэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Казімір Велікаселец, нарадзіўшыся ў 1945 годзе ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна, прайшоў доўгі шлях духоўнага станаўлення і служэння. Яго глыбокая вера фарміравалася з маленства, калі бацька вазіў яго на ровары за дзясяткі кіламетраў у касцёл у Кобрыне.

Нягледзячы на атэістычнае процістаянне савецкіх часоў, вера Казіміра толькі мацнела. Яна дапамагла яму выстаяць падчас службы ў войску і цяжкай працы на будоўлі ў Вільні. Менавіта ў Вільні ён пазнаёміўся з айцамі-дамініканамі, з якімі пазней звязаў свой святарскі лёс.

Шлях да святарства быў няпросты. Тры гады ўлады не давалі дазволу на паступленне ў Рыжскую семінарыю. Аднак будучы біскуп не марнаваў часу, нелегальна вучыўся ў доктара тэалогіі, ксяндза Вацлава Пянткоўскага.

У 1981 годзе Казімір Велікаселец нарэшце быў прыняты ў Рыжскую духоўную семінарыю. Пасля яе заканчэння ў 1984 годзе ён атрымаў сакрамэнт святарства і пачаў служэнне ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі. У той час святароў катастрафічна не хапала, і айцец Казімір апекаваўся многімі адлеглымі парафіямі.

У 1992 годзе ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, а ў 1999 годзе быў кансэкраваны як біскуп. Яго біскупскае служэнне працягваецца амаль 25 гадоў. Нават пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту ў 2020 годзе яго паўнамоцтвы былі працягнуты.

У 2021 годзе біскуп Велікаселец некаторы час быў апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Цяпер, калі Папа Францішак прыняў яго адстаўку, завяршаецца важны этап у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
 

10 кастрычніка 2024, 12:03