Кардынал П'ербаціста Піцабала Кардынал П'ербаціста Піцабала  (AFP or licensors)

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма: наша зброя – пост і малітва

Малы статак Касцёла ў Святой Зямлі не мае намеру скарацца перад логікай зла і насілля - ён хоча быць будаўніком міру і справядлівасці, - запэўніў Папу Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал П’ербаціста Піцабала ад імя ўсёй касцёльнай супольнасці Святой Зямлі выказаў падзяку Францішку за ліст да католікаў Блізкага Усходу, скіраваны 7 кастрычніка 2024 года – у гадавіну нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль і пачатку новай гарачай фазы вайны ў рэгіёне.

Патрыярх падкрэсліў, што Папа з’яўляецца “адзіным сусветным лідарам, які не забывае пра пакуты кожнага і нагадвае нам пра патрэбу не губляць чалавечнасці нават у такіх драматычных сітуацыях”. Ён запэўніў у тым, што ліст Святога Айца стаў стымулам для рэфлексіі і натхніў многіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў.

Кардынал заўважыў, што спіраль насілля, якая ахапіла рэгіён, знішчае не толькі фізічныя структуры, але таксама жыцці людзей і адносіны на ўсіх узроўнях. “7 кастрычніка стала днём, калі ўсе нашы супольнасці з’ядналіся ў посце і малітве, у еднасці з Вамі, Святы Айцец, каб прасіць ад дары міру для ўсіх нашых народаў. Гэта наша зброя, “зброя любові”. Гэта наш адказ на недавер, які здаецца пашыраецца ўсё больш і больш, не толькі ў сэрцах палітычных лідараў, але таксама сярод нас”, - напісаў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.

Іерарх падкрэсліў, што “ва ўмовах глыбока ўкаранёнай нянавісці неабходны спагада, словы і ўчынкі любові, якія, нават калі не зменяць рух падзей, тым не менш прынясуць суцяшэнне і спакой, якіх мы ўсе востра патрабуем”. Несці іх намагаецца мясцовы Касцёл – святары і свецкія вернікі, - запэўніў Папу кардынал Піцабала, дадаючы, што “малы статак” каталіцкай супольнасці ў Святой Зямлі не намераны скарацца перад логікай зла і нянавісці, а хоча быць будаўніком міру і справядлівасці, дыялогу паміж вернікамі розных канфесій, а таксама заклікаць да спынення баявых дзеянняў – перадумовы для пачатку рэальных і сур’ёзных працэсаў, якія аднойчы прывядуць да новай і мірнай раўнавагі на Блізкім Усходзе.
 

11 кастрычніка 2024, 11:04