Пахаванне ксяндза Марсэла Перэса Пахаванне ксяндза Марсэла Перэса  (AFP or licensors)

Мексіка: забіты ксёндз Марсэла Перэс – абаронца міру і бедных

У мексіканскім штаце Ч’япас быў забіты 40-гадовы езуіт, ксёндз Марсэла Перэс. Яго застрэлілі ўзброеныя людзі на матацыкле пасля нядзельнай святой Імшы ў горадзе Сан-Крыстабаль-дэ-лас-Касас.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святар быў вядомы як актыўны абаронца міру і правоў чалавека, асабліва індзейскай супольнасці цацылі, з якой сам паходзіў. У адным з апошніх інтэрв’ю ён рашуча асудзіў дзейнасць злачынных груповак, якія ўсё больш і больш кантралююць рэгіён: Сан-Крыстабаль-дэ-лас-Касас знаходзіцца недалёка ад мяжы Гандурасам і з’яўляецца арэнай крывавай барацьбы за маршруты перамяшчэння наркотыкаў і кантрабанды, якую вядуць паміж сабой картэлі. Нядаўна езуіт даведаўся, што за яго забойства была аб’яўлена ўзнагарода ў некалькі сотняў тысяч пэса.

У нядзелю 20 кастрычніка ксёндз Перэс цэлебраваў святую Імшу ў адным з касцёлаў на ўскраіне горада. Затым ён адправіўся ў суседні раён, дзе яго таксама чакалі вернікі, але даехаць не змог: цела святара з кулявымі раненнямі знайшлі за рулём яго белага фургона. Па словах сведкаў, ён быў застрэлены двума ўзброенымі людзьмі на матацыкле.

Забойства выклікала хвалю абурэння як сярод мясцовага насельніцтва, так і на ўзроўні міжнароднай супольнасці. З заявай выступіла нават Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якая назвала інцыдэнт непрымальным і заклікала да неадкладнага і вычарпальнага расследавання.

Канферэнцыя Біскупаў Мексікі ў адмысловым паведамленні падкрэсліла, што “гэты акт насілля не толькі пазбавіў супольнасць чулага пастыра, але і прымусіла змоўкнуць голас, які нястомна змагаўся за мір і справядлівасць у гэтым рэгіёне”.

Гібель ксяндза Марсэла Перэса – не адзіны выпадак забойства святара ў Мексіцы. У 2022 года на парозе касцёла ў штаце Чыўаўа ўзброенымі людзьмі былі застрэлены два езуіты: Хаўер Касмас Маралес і Хаакін Сезар Мора Салазар, а некалькі месяцаў таму ў штаце Гвадалахара пры загадкавых абставінах загінуў ксёндз Ісаіяс Рамірэс Ганзалес.
 

22 кастрычніка 2024, 12:51