Арцыбіскуп Люк Тэрліндэн з Францішкам падчас Імшы ў Бруселі Арцыбіскуп Люк Тэрліндэн з Францішкам падчас Імшы ў Бруселі   (Vatican Media)

Тэрліндэн пра візіт Папы: Касцёл у Бельгіі знайшоў новы запал

Арцыбіскуп Мехелен-Брусельскі і Прымас Бельгіі падзяліўся ўражаннямі ад нядаўняга папскага візіту, які прынёс новы подых у жыццё мясцовага Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папскае падарожжа ў Бельгію стала сапраўдным каталізатарам, дапамагаючы католікам наноў адкрыць еднасць у разнастайнасці і радасць, якая дае новы запал для абвяшчэння Хрыста, - адзначыў арцыбіскуп Люк Тэрліндэн у размове з Vatican News.

“Вяртанне да сэрца Евангелля – вось што найперш засталося ў маёй памяці”

Іерарх падкрэсліў, што ў цэнтры Евангелля знаходзіцца міласэрнасць, на якую Святы Айцец звяртае асаблівую ўвагу з пачатку свайго пантыфікату. Для Касцёла ў Бельгіі гэта азначае жыць міласэрнасцю канкрэтным чынам: праз учынкі міласэрнасці, увагу адно да аднаго, асабліва да найменшых і найбяднейшых.

Арцыбіскуп Тэрліндэн адзначыў, што адным з самых кранальных момантаў візіту была сустрэча Папы з невялікай супольнасцю ў бедным раёне падчас салідарнага снедання, арганізаванага парафіяй. Гэта паказала блізкасць Пантыфіка і яго гатоўнасць слухаць найбяднейшых.

“Міласэрнасць уключае і суправаджэнне ахвяр злоўжыванняў”

Іерарх дадаў, што практыка міласэрнасці ўключае таксама суправаджэнне ахвяр злоўжыванняў – задача, якая ўжо больш за 20 гадоў займае істотнае месца ў бельгійскім Касцёле і якая была важным пунктам папскага візіту.

Мітрапаліт Мехелен-Брусельскі таксама адзначыў, што нядзельная Імша на Стадыёне імя Караля Балдуіна перадала дух усяго візіту, даўшы бельгійскаму Касцёлу шмат энтузіязму і ўмацаваўшы вернікаў, якія, як супольнасць, моцна пацярпелі ад раз'яднанасці, звязанай з пандэміяй.

“Наш Касцёл і нашы вернікі знайшлі належную ім годнасць і радасць”

Арцыбіскуп Тэрліндэн падкрэсліў, што першыя плёны папскай пілігрымкі былі бачныя практычна адразу. Гэта, між іншым, сустрэча моладзі Hope Happening, якая сабрала больш за 5,5 тысяч маладых людзей. Гэта моладзь вельмі разнастайная, з парафій і рухаў, з Фландрыі і франкамоўнай часткі, і нават з-за мяжы. Ім удалося аб'яднаць свае таленты і разнастайнасць у Хрысце, каб перажыць нешта вельмі важнае.

Іерарх адзначыў, што моладзевае сведчанне разнастайнасці Касцёла важнае для ўсёй супольнасці і ўпісваецца ва ўмацаванне, якое перажыла ўся супольнасць дзякуючы візіту Святога Айца.
 

01 кастрычніка 2024, 10:52