Біскуп Мацвей Чжэнь Сюэбінь Біскуп Мацвей Чжэнь Сюэбінь  

Пасвечаны новы каад'ютар Пекінскай дыяцэзіі

25 кастрычніка 2024 года прайшло ўрачыстае пасвячэнне новага біскупа-каад'ютара Пекінскай дыяцэзіі. Мансеньёр Мацвей Чжэнь Сюэбінь быў прызначаны на пасаду Францішкам у рамках Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітаем.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміла Зала друку Апостальскай Сталіцы, новым каад'ютарам Пекіна стаў 54-гадовы біскуп Чжэнь Сюэбінь. Яго кандыдатура была зацверджана ў рамках Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай, якое было падпісана ў 2018 годзе. Асноўнай мэтай пагаднення з'яўляецца рэгуляванне працэдуры прызначэння каталіцкіх біскупаў у Кітаі.

Папскае прызначэнне датуецца 28 жніўня 2024 года. Яно з’яўляецца важным крокам ў кантэксце нармалізацыі ўзаемаадносін паміж Каталіцкім Касцёлам і кітайскім урадам.

Біскуп Чжэнь Сюэбінь нарадзіўся ў 1969 годзе ў горадзе Чанчжы ў правінцыі Шаньсі. Скончыў філасофска-тэалагічную семінарыю ў Пекіне. Працягваў навучанне ва Універсітэце святога Яна ў ЗША, дзе атрымаў ліцэнзіят у галіне літургіі. У чэрвені 1998 года быў пасвечаны ў святары і прызначаны ў Пекінскую дыяцэзію, дзе працаваў спачатку намеснікам рэктара Пекінскай семінарыі, а пасля нёс служэнне ў некалькіх парафіях горада. З 2007 года займае пасаду дыяцэзіяльнага канцлера.

25 кастрычніка 2024, 13:12