Кардынал П'ербаціста Піцабала Кардынал П'ербаціста Піцабала  (ANSA)

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма: Касцёл заўсёды з тымі, хто пакутуе

Касцёл у Святой Зямлі, вернікі якога гавораць і на арабскай, і на яўрэйскай мовах – доказ магчымасці сітуацыі, пры якой кожны “застанецца самім сабой, з уласнай культурай, звычаямі і самабытнасцю”, - адзначыў кардынал П’ербаціста Піцабала.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма даў інтэрв’ю Vatican News у першую гадавіну новай гарачай фазы вайны паміж Ізраілем і Палесцінай, выкліканай нападам узброеных баевікоў ХАМАС на ізраільскую тэрыторыю, які прывёў да масавага забойства мірных жыхароў і захопу вялікай колькасці ізраільскіх заложнікаў, многія з якіх дагэтуль утрымліваюцца ў няволі.

Кардынал Піцабала заўважыў, што да 7 кастрычніка 2023 года ізраільска-палесцінскі канфлікт, хоць і не быў вырашаны, але не быў самай важнай тэмай міжнароднай павесткі дня; паступова развіваўся міжрэлігійны дыялог, умацаваны падарожжамі Папы і яго энцыклікай Fratelli tutti; хрысціянская супольнасць была засяроджана на душпастырскіх ініцыятывах.

Цяпер жа ўсё цалкам перамянілася: вырашыць палесцінскае пытанне стала яшчэ складаней, міжрэлігійны дыялог знаходзіцца ў глыбокім крызісе, душпастырства павінна быць пераасэнсавана з улікам глыбокіх ран, якія нанесла вайна, і распаўсюджанай беспрэцэдэнтнай нянавісці,- падкрэсліў іерарх.

Кардынал Піцабала нагадаў, што канфлікт ужо выйшаў за межы сектара Газа і стаў рэгіянальным. Ён выказаў надзею на тое, што не адбудзецца далейшага пашырэнне ваенных дзеянняў, але разумее, што такая рызыка існуе. Небяспеку іерарх бачыць у поўнай адсутнасці стратэгіі выйсця з драматычнай сітуацыі. Ён падкрэсліў, што вайна павінна мець палітычнае завяршэнне, а не ваеннае.

Лацінскім Патрыярх Іерусаліма пагадзіўся з тым, што прыклад Касцёла ў Святой Зямлі, вернікі якога гавораць і на арабскай, і на яўрэйскай мовах, з’яўляецца доказам таго, што магчыма сітуацыя, пры якой кожны “застанецца самім сабой, з уласнай культурай, звычаямі і самабытнасцю”. Ён падкрэсліў, што Касцёл у рэгіёне “застаецца маленькім знакам гэтага”.

Іерарх нагадаў, што Касцёл заўсёды павінен быць побач з тым, хто пакутуе. У той жа час Касцёл не можа заставацца нейтральным перад абліччам пакут, але і не можа станавіцца ўдзельнікам канфлікту. На яго думку, важна падтрымліваць адкрыты дыялог з усімі: з тымі, хто пакутуе, і тымі, хто з’яўляецца прычынай пакут.

Па словах кардынала Піцабалы, у цяперашні час не існуе рашэння ізраільска-палесцінскага канфлікту. Ён перакананы, што патрэбны новыя людзі і новыя погляды і гэта тычыцца ўсяго Блізкага Усходу, пачынаючы з Лівана. “Увесь Блізкі Усход патрабуе новага лідарства і новага бачання. Толькі тады мы зможам абмяркоўваць умовы, найбольш спрыяльныя для міру паміж народамі”, - дадаў суразмоўца ватыканскіх СМІ.
 

07 кастрычніка 2024, 11:18