Францішак з епіскапам Ігнацыем Юсэфам ІІІ Юнанам (11 кастрычніка 2024 года, Ватыкан) Францішак з епіскапам Ігнацыем Юсэфам ІІІ Юнанам (11 кастрычніка 2024 года, Ватыкан)  (Vatican Media)

Патрыярх Юнан: Ліван павінен зноў стаць незалежнай дзяржавай

Лівану патрэбна аўтаномія і незалежнасць, узброеныя фарміраванні не павінны замяняць дзяржаву, - лічыць Патрыярх Сірыйскай Каталіцкай Царквы, епіскап Юнан.

Марыя Валодзіна - Vatican News

11 кастрычніка 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане епіскапа Ігнацыя Юсэфа ІІІ Юнана, Патрыярха Сірыйскай Каталіцкай Царквы, які ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў па сінадальнасці.

З гэтай нагоды іерарх даў інтэрв’ю ватыканскім СМІ, у якім заклікаў спыніць знешнія ўмяшанні ў Ліван і даць аўтаномію ліванскаму народу, каб ён сам вырашаў свае праблемы.

"Я ад усяго сэрца падзякаваў Святому Айцу як главе Паўсюднага Касцёла за бацькоўскую падтрымку Лівана, які пакутуе гадамі. Папа правільна сказаў, што насілле, якое пашыраецца ў Ліване, больш непрымальнае. Гэтая маленькая краіна раней была жамчужынай Блізкага Усходу і ўсяго рэгіёна, на жаль, многія ёй злоўжывалі... Папа адчувае блізкасць да ліванцаў і заклікае ваюючыя бакі гарантаваць мір”, - падзяліўся Патрыярх Юнан.

Патрыярх засмучаны сітуацыяй у краіне кедраў, на ўсю тэрыторыю якой распаўсюдзілася вайна, а сталіца падвяргаецца бамбардзіроўкам. Аднак ён выключае магчымасць расколу ў рэлігійнай і сацыяльнай тканіне грамадства. "Думаю, усе канфесіі згодныя з тым, што Ліван павінен зноў стаць незалежнай краінай, адкрытай для ўсіх, з роўнымі правамі, без знешняга ўмяшання. Думаю, што ліванцы гэта ведаюць", - сказаў іерарх.

"Мы не можам вырашыць праблему Палесціны, умяшацца і знайсці рашэнне павінна Арабская ліга", - сцвердзіў Юнан.

Патрыярх занепакоены лёсам людзей, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы. "Мігравала каля мільёна чалавек, шмат нявінных людзей", - распавёў ён.

Найбольш тэрміновым пытаннем аднак з’яўляецца не вырашанне гуманітарнай сітуацыі, а неабходнасць "даць краіне ідэнтычнасць, аўтаномію, магчымасць вырашаць свае праблемы". Дзяржаву не павінны падмяняць узброеныя фарміраванні. Неабходна “падтрымаць ліванскую армію і знайсці спосаб гарантаваць бяспеку ўсім ліванцам", - лічыць Патрыярх Юнан.

12 кастрычніка 2024, 17:27