Шпітальныя сёстры: прызнаваць годнасць людзей з псіхічнымі хваробамі

10 кастрычніка 2024 года адзначаецца Сусветны дзень псіхічнага здароўя. Генеральная настаяцельніца кангрэгацыі Шпітальных сясцёр Найсвяцейшага Сэрца Езуса распавяла пра клопат аб людзях з псіхічнымі захворваннямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Неабходна бачыць чалавека ва ўсіх яго праявах, ставіцца да яго з асаблівым клопатам, прызнаваць яго годнасць як дзіця Божага, годнасць, якую псіхічнае захворванне не прымяншае, а абавязвае зрабіць яшчэ больш відавочнай. Наш абавязак – дапамагчы гэтым людзям адчуць, што іх прызнаюць людзьмі”, - адзначыла ў інтэрв’ю Vatican News сястра Ідылія Карнэйра.

Манахіня падкрэсліла: важна разумець, што псіхічна хворыя – гэта людзі, якія адчуваюць псіхічныя пакуты. Таму першы крок – прыняць іх у іх рэчаіснасці, а таксама прыняць іх сем'і. Хвароба не вызначае ўсяго чалавека цалкам, яна закранае толькі пэўныя аспекты, і кожны з гэтых людзей валодае велізарным чалавечым багаццем і адчувальнасцю, - адзначыла яна.

Сёстры адчуваюць гэтую чуласць і вучаць хворых быць “больш уважлівымі адзін да аднаго". Гэта вельмі карыснае пасланне для грамадства, у якім мы жывем і якое становіцца ўсё больш індывідуалістычным. Людзі з праблемамі псіхічнага здароўя “дапамагаюць нам стаць больш чалавечнымі, жыць у глыбокай пашане да самых нязначных момантаў кожнага дня", - сказала яна.

Сёлета Сусветны дзень прысвечаны тэме Псіхічнага здароўя на працы. Як патлумачыла сястра Карнэйру, тэма адлюстроўвае занепакоенасць тым, што праца з яе стрэсамі і высокімі патрабаваннямі можа прывесці да распаду асобы. Самая складаная задача – знайсці баланс у працы, "які таксама ўключае ў сябе аспекты асабістай самарэалізацыі, асэнсаванасці і ўкладу ў агульнае дабро".

Кангрэгацыя Шпітальных сясцёр дапамагае людзям з дэпрэсіяй, прапануе амбулаторнае лячэнне, падтрымлівае моладзь з разладамі асобы, у тым ліку з залежнасцямі ад Інтэрнэту. Сёстры таксама займаюцца траўмамі галаўнога мозгу, у тым ліку неўралагічнымі праблемамі, звязанымі з пухлінамі, а таксама лячэннем трывожных разладаў і спроб самагубства. Яны працуюць таксама ў галіне паліятыўнай медыцыны, суправаджаючы людзей і іх сем'і на апошніх этапах жыцця.

У маі 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельніц генеральнага капітулу гэтай манаскай супольнасці, заклікаўшы іх кіравацца “вар’яцтвам любові”. Ён заахвоціў сясцёр "удасканальваць сваё служэнне і любоў да хворых, заўсёды з радасцю і надзеяй, ніколі не губляць радасці ў сэрцах і любіць найбольш уразлівых людзей".

Кангрэгацыя Шпітальных сясцёр Найсвяцейшага Сэрца Езуса дзейнічае ў 25 краінах. Сёстрам дапамагаюць амаль 3 тысячы свецкіх супрацоўнікаў па ўсім свеце.

Генеральная настаяцельніца кангрэгацыі Шпітальных сясцёр Найсвяцейшага Сэрца Езуса на аўдыенцыі ў Папы Францішка
Генеральная настаяцельніца кангрэгацыі Шпітальных сясцёр Найсвяцейшага Сэрца Езуса на аўдыенцыі ў Папы Францішка
10 кастрычніка 2024, 13:59