Францішак падчас выступлення ў каралеўскім палацы Бруселя Францішак падчас выступлення ў каралеўскім палацы Бруселя  (ANSA) Калонка рэдактара

Злоўжыванні і сорам: Тарніелі пра словы Папы ў Бельгіі

Галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада аналізуе рэакцыю Францішка на праблему сексуальных злоўжыванняў з боку духавенства падчас нядаўняга візіту ў Бельгію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй рэдактарскай калонцы Андрэа Тарніелі разглядае, як Францішак рэагуе на выклікі, з якімі сутыкаецца падчас сваіх падарожжаў. Нядаўні візіт у Люксембург і Бельгію не стаў выключэннем, калі Папа зноў сутыкнуўся з балючай тэмай злоўжыванняў у Касцёле.

“Папа Францішак у сваіх падарожжах дазваляе рэальнасці кідаць яму выклік і раніць яго”

Тарніелі падкрэслівае, што ў адказ на выступленні караля і прэм'ер-міністра Бельгіі, якія закранулі тэму насілля над непаўналетнімі, Папа ясна выказаўся, што нават адзін такі выпадак – гэта занадта. Ён параўнаў ахвяр з "нявіннымі святымі", ахвярамі цара Ірада, падкрэсліўшы, што такія трагедыі працягваюць адбывацца і сёння.

“Францішак падкрэсліў, што ў Касцёле няма месца для гвалту і яго прыхоўвання”

Асаблівую ўвагу Тарніелі звяртае на брусельскую сустрэчу Пантыфіка з ахвярамі злоўжванняў, якая працягвалася больш за дзве гадзіны. Яна глыбока кранула Францішка і паўплывала на яго далейшыя выказванні падчас візіту. У сваёй гаміліі на Стадыёне імя караля Бадуэна Святы Айцец дадаў некалькі ясных і моцных абзацаў, заклікаючы да рашучых дзеянняў у барацьбе з гэтай праблемай.

Рэдактар таксама адзначае, што Папа закрануў тэму статыстыкі, якая паказвае, што большасць выпадкаў насілля над непаўналетнімі адбываецца ў сем'ях, школах і спартыўным асяроддзі. Аднак Францішак падкрэсліў, што гэта не павінна быць апраўданнем для Касцёла.

“Нават адзін выпадак гвалту над дзіцём у касцёльным асяроддзі – гэта занадта”

Тарніелі падкрэслівае, што Папа заклікае ўвесь Касцёл да пакаяннага стану, прызнання сваіх грахоў і просьбы аб прабачэнні. Гэта, на яго думку, адлюстроўвае глыбока хрысціянскі падыход да праблемы.

У заключэнні галоўны рэдактар адзначае, што Францішак працягвае лінію сваіх папярэднікаў, рашуча выступаючы супраць любога роду злоўжыванняў ў Касцёле. Ён паказвае, што барацьба з гэтай праблемай застаецца адным з галоўных прыярытэтаў яго пантыфікату, падкрэсліваючы неабходнасць поўнай празрыстасці і рашучых дзеянняў.
 

01 кастрычніка 2024, 09:05