Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі  

Тыдзень у Беларусі – важнае

Каранацыя абраза, сустрэча ў Будславе, святы – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Урачыстасці каранавання абраза Маці Божай праходзяць у Барунах. 11-12 кастрычніка 2024 года ў гэтым санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі святкуюць ускладанне біскупскіх карон на цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных. Цэнтральную святую Імшу ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, ускладанне карон здзейсніць біскуп эмерыт Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. У праграме ўрачыстасцяў таксама – набажэнствы, у тым ліку з удзелам грэка-каталіцкіх вернікаў.

У Будславе распачалася малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Касцёла ў Беларусі Божай міласэрнасці. 5 кастрычніка 2024 года ў Нацыянальным санктуарыі першую сустрэчу ў межах падрыхтоўкі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі і Фацімскі Ружанец суправаджаліся разважаннямі з Дзённіка святой Фаўстыны Кавальскай. Падчас Імшы іерарх заахвоціў вернікаў актыўна ўключыцца ў падрыхтоўку да важнай падзеі, імкнуцца выконваць Божую волю і несці святло Божай праўды іншым людзям.

У гродзенскай семінарыі ўрачыста распачаўся навучальны год. 5 кастрычніка 2024 года цырымонію ўзначаліў ардынарый Уладзімір Гуляй. У прывітальным слове біскуп Гродзенскі назваў семінарыю "не проста навучальнай установай, а духоўным асяродкам, дзе кожны можа глыбей асэнсаваць сваё пакліканне і ўзрасці ў служэнні Богу і людзям", а вучобу ў ёй – "не проста засваеннем ведаў, а шляхам фармавання сэрца і духу". Біскуп і рэктар семінарыі ўручылі студэнтам першага курса залікоўкі. Затым у катэдры адбылася святая Імша, на якой студэнты трэцяга курса атрымалі сутаны.

Юбілей прысутнасці ў Беларусі сясцёр адараторак адзначылі ў Докшыцах. 5 кастрычніка 2024 года Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На літургіі прысутнічалі айцы капуцыны, сёстры з іншых манаскіх кангрэгацый, вернікі і госці парафіі. У гаміліі ардынарый падкрэсліў, што "Божая прадбачнасць і Яго ласка вяла сясцёр праз няпросты час, бо гэта быў час адраджэння, вяртання таго жывога Касцёла, які быў спрагнёны Божай ласкі і спрагнёны паслугі сясцёр, навучання, духоўнай апекі". Пастыр дыяцэзіі падзякаваў Богу за гэты "эксклюзіў" на Віцебшчыне – адзіную супольнасць сясцёр Адараторак Крыві Хрыста ў Беларусі.

У Баранавічах адзначылі Дзень бедных. 6 кастрычніка 2024 года свята адбылося ўжо ў восьмы раз – па ініцыятыве сясцёр місіянерак Святой Сям’і, якія зладзілі сустрэчу разам з парафіяльнай супольнасцю санктуарыя Маці Божай Фацімскай. У праграме былі супольная малітва ў інтэнцыі бедных на святой Імшы, на якую запрасілі малазабяспечаных мясцовых жыхароў, гасціна-пачастунак пад спевы ансамбля.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

12 кастрычніка 2024, 08:35