Кардынал Вальтэр Каспер Кардынал Вальтэр Каспер  

Кардынал Каспер: моцны вецер з Поўдня змяняе Касцёл

Кардынал Вальтэр Каспер выказаў падтрымку вынікам апошняга Сінода Біскупаў, назваўшы яго "сапраўды гістарычнай падзеяй”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нямецкі іерарх падкрэсліў важнасць Выніковага дакумента Асамблеі, які быў зацверджаны дзвюма трацінамі галасоў і атрымаў згоду Папы Францішка. На яго думку, адмаўленне гэтага дакумента азначала б удар па ўсіх, хто працаваў над ім больш за два гады.

У размове з інтэрнэт-выданнем communio.de кардынал звярнуў увагу на змену геаграфічнага балансу ў Касцёле. "Вее моцны паўднёвы вецер", – адзначыў ён, падкрэсліваючы, што Еўропа страціла сваё цэнтральнае становішча ў касцельным свеце (ПОЎНЫ ТЭКСТ ІНТЭРВ'Ю).

У пытанні дыяканату жанчын кардынал Каспер выказаўся за большую адкрытасць. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра пастаянных дыяканіс, а не пра дыяканат як пераходны этап да святарскіх пасвячэнняў. "Заходні і Усходнія Касцёлы ведалі гэта ўжо ў першыя стагоддзі", - адзначыў вядомы тэолаг.

На яго думку, нельга сцвярджаць, што пасвячэнні дыяканіс у той час не былі сакрамэнтам, паколькі такія тэалагічныя тэрміны развіліся значна пазней. Ён таксама адхіліў аргумент аб тым, што жанчыны не могуць прымаць дыяканскія пасвячэнні з прычыны непадзельнасці сакрамэнту пасвячэння.

Былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству спаслаўся на пазіцыю Папы Бэнэдыкта XVI, які выразна адзначыў, што ў адрозненне ад святароў і біскупаў, дыяканы не прадстаўляюць Езуса Хрыста як галаву Касцёла. Больш за тое, канчаткова біскупскае пасвячэнне было прызнана сакрамэнтам толькі на Другім Ватыканскім Саборы (1962-1965). “Таму ўнутры аднаго сакрамэнту пасвячэння былі і існуюць значныя адрозненні, а таксама гістарычныя сітуацыі, арыентаваныя на душпастырскія патрэбы”, - падкрэсліў ён.

Кардынал Каспер выказаў задавальненне абмеркаваннем на Сінодзе будучага статусу нацыянальных біскупскіх канферэнцый і адносін паміж паўсюдным і мясцовымі Касцёламі. Ён нагадаў, што гэтая тэма абмяркоўвалася з часоў Другога Ватыканскага Сабора, але менавіта цяпер упершыню яна разглядаецца афіцыйна ў кантэксце касцельнай еднасці ў разнастайнасці.
 

01 лістапада 2024, 10:29