Кардынал П'ербатыста Піцабала Кардынал П'ербатыста Піцабала  (© LPJ)

Кардынал Піцабала: аблічча Бога – гэта найперш аблічча міру

“Малітва аб міры для Іерусаліма – гэта таксама малітва аб міры для ўсіх народаў. Бо ў Іерусаліме б’ецца сэрца ўсіх народаў”, - падкрэсліў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала.

Ян Глінскі

5-7 лістапада 2024 года тэолагі і біблісты з усяго свету прабывалі ў польскім Любліне на канферэнцыі Прасіце аб міры для Іерусаліма. Форум быў арганізаваны ў Люблінскім каталіцкім універсітэце імя святога Яна Паўла ІІ (KUL) па ініцыятыве Цэнтра каталіцка-юдэйскіх адносінаў KUL імя Абрама Хешэля ў супрацоўніцтве з Інстытутам біблейскіх навук KUL. Адным з яго ўдзельнікаў быў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.

Каментуючы складаную сітуацыю на Святой Зямлі, кардынал Піцабала ўказаў на актуальнасць закліку да міру ў Іерусаліме і нагадаў, што “аблічча Бога – гэта найперш аблічча міру”. “Мір і дзейнасць на карысць міру з’яўляюцца канстытутыўнай рысай тоеснасці і місіі Касцёла. Мір, – падкрэсліў Патрыярх, – перш чым стаць дзеяннем, да якога нас запрашае Бог, гаворыць нам таксама штосьці пра тоеснасць Бога”.

Кажучы пра місію Касцёла на Святой Зямлі, іерарх спыніўся на двух вобразах з Кнігі Апакаліпсіса: Іерусалім, які “сыходзіць з неба”, з’яўляецца горадам прысутнасці Бога (гэта сімвалізуе шацёр), і блізкасці са Стварыцелем, вобразам чаго з’яўляецца Нявеста. “Гэта нешта кажа нам пра тое, якім павінна быць жыццё Іерусаліма, – патлумачыў ён. – Горад Іерусалім, Касцёл Іерусаліма павінны быць месцам, дзе бачная Божая прысутнасць, а Божая блізкасць бачная ў нашых дзеяннях”.

Патрыярх нагадаў, што жыхары Святой Зямлі маюць асаблівае пакліканне – быць сведкамі жыцця ў блізкасці з Богам і здольнасці несці жыццё іншым дзякуючы Божай Любові. “Мы молімся аб гэтым, стараемся быць маленькім прыкладам гэтага. Я ведаю, наколькі мы абмежаваныя, аднак, нягледзячы на гэта, мы павінны заўсёды памятаць, якое наша сведчанне як жыхароў Іерусаліма”, - заўважыў кардынал Піцабала, падкрэсліваючы, што “малітва аб міры для Іерусаліма – гэта таксама малітва аб міры для ўсіх народаў”, бо “ў Іерусаліме б’ецца сэрца ўсіх народаў”.
 

08 лістапада 2024, 08:28