Касцёл у Паўночнай Карэі: толькі вера дапамагае вытрываць
Ян Глінскі
Афіцыйныя святыні тут адкрыты толькі для бачнасці, каб ашукаць знешніх назіральнікаў. Замест сапраўдных вернікаў на літургію прыходзяць дзяржаўныя чыноўнікі, якія вывучылі на памяць малітвы і спевы.
“У Паўночнай Карэі ўсё яшчэ ёсць хрысціяне. Больш за тое, яны моцна трымаюцца сваёй веры і моляцца, бо ведаюць, што толькі так можна выжыць у пекле камуністычнага рэжыму”, - адзначыў у інтэрв’ю для Vatican News французскі місіянер ксёндз Філіп Блю, які ўжо 34 гады працуе ў Паўднёвай Карэі. Святар нагадаў, што найбольш жорстка хрысціянаў караюць камуністы, а сведчанне іх веры можна параўнаць з гераізмам першых хрысціянаў.
“Раней рэжым забіваў патаемна, а сёння робіць гэта адкрыта, каб запалохаць іншых”, - дадаў ксёндз Філіп Блю. З прычыны паўсюднага недаверу хрысціяне вымушаны захоўваць вялікую асцярожнасць. Сваіх дзяцей яны вучаць ад першых гадоў жыцця размаўляць шэптам і нікому не распавядаць пра тое, што адбываецца дома. Хрысціяне ў Паўночнай Карэі моляцца патаемна і без святара. Мець Святое Пісанне ці літаратуру рэлігійнага зместу – забаронена. Даводзіцца выкарыстоўваць USB-flash-накапляльнікі з Бібліяй, катэхізісам, малітвамі і песнямі, якія трапляюць у Паўночную Карэю ў асноўным праз Кітай. Пры выяўленні прыладаў з такім зместам хрысціяніна чакае лагер або
смерць.
“Пераслед вельмі жорсткі. Гэта пекла пад адкрытым небам. Але сведчанне падпольных хрысціянаў сапраўды цудоўнае, падобнае да таго, што было ў старажытным Рыме”, – падкрэсліў місіянер.
Для захавання адзінства ўсе католікі Паўночнай і Паўднёвай Карэі кожны дзень у вызначаную гадзіну ў духоўнай лучнасці моляцца “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.