Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©robyelo357 - stock.adobe.com)

Касцёл у Паўночнай Карэі: толькі вера дапамагае вытрываць

Культ асобы і кіруючай дынастыі, абагаўленне дыктатараў, лагеры для хрысціянаў і катаванні веруючых, якія адмаўляюцца ставіцца да ўлады, як да багоў. Гэта рэаліі нашых дзён, гэта будні Паўночнай Карэі.

Ян Глінскі

Афіцыйныя святыні тут адкрыты толькі для бачнасці, каб ашукаць знешніх назіральнікаў. Замест сапраўдных вернікаў на літургію прыходзяць дзяржаўныя чыноўнікі, якія вывучылі на памяць малітвы і спевы.

“У Паўночнай Карэі ўсё яшчэ ёсць хрысціяне. Больш за тое, яны моцна трымаюцца сваёй веры і моляцца, бо ведаюць, што толькі так можна выжыць у пекле камуністычнага рэжыму”, - адзначыў у інтэрв’ю для Vatican News французскі місіянер ксёндз Філіп Блю, які ўжо 34 гады працуе ў Паўднёвай Карэі. Святар нагадаў, што найбольш жорстка хрысціянаў караюць камуністы, а сведчанне іх веры можна параўнаць з гераізмам першых хрысціянаў.

“Раней рэжым забіваў патаемна, а сёння робіць гэта адкрыта, каб запалохаць іншых”, - дадаў ксёндз Філіп Блю. З прычыны паўсюднага недаверу хрысціяне вымушаны захоўваць вялікую асцярожнасць. Сваіх дзяцей яны вучаць ад першых гадоў жыцця размаўляць шэптам і нікому не распавядаць пра тое, што адбываецца дома. Хрысціяне ў Паўночнай Карэі моляцца патаемна і без святара. Мець Святое Пісанне ці літаратуру рэлігійнага зместу – забаронена. Даводзіцца выкарыстоўваць USB-flash-накапляльнікі з Бібліяй, катэхізісам, малітвамі і песнямі, якія трапляюць у Паўночную Карэю ў асноўным праз Кітай. Пры выяўленні прыладаў з такім зместам хрысціяніна чакае лагер або
смерць.

“Пераслед вельмі жорсткі. Гэта пекла пад адкрытым небам. Але сведчанне падпольных хрысціянаў сапраўды цудоўнае, падобнае да таго, што было ў старажытным Рыме”, – падкрэсліў місіянер.

Для захавання адзінства ўсе католікі Паўночнай і Паўднёвай Карэі кожны дзень у вызначаную гадзіну ў духоўнай лучнасці моляцца “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.
 

29 лістапада 2024, 08:24