Аднаўляльныя крыніцы энергіі (ілюстрацыйнае фота) Аднаўляльныя крыніцы энергіі (ілюстрацыйнае фота)  (ANSA)

Каталіцкія ўстановы адмаўляюцца ад экалагічна шкодных інвестыцый

Усё больш каталіцкіх арганізацый адмаўляецца ад інвестыцый у выкапнёвае паліва. Пра гэта заявілі прадстаўнікі міжнароднага руху Laudato Si, прысутныя на кліматычным саміце COP 29 ў азербайджанскім Баку. Форум працягнецца да 22 лістапада 2024 года.

Ян Глінскі

Адмаўляючыся ад інверстыцый у неэкалагічныя праекты, касцёльныя інстытуцыі спадзяюцца, што іх рашэнні паўплываюць таксама на стаўленне простых католікаў да навакольнага асяроддзя.

У французскім штодзённіку La Croix апісваецца досвед бэнэдыктынскага абацтва Сэнт-Мары-дэ-ла-П’ер-Кі-Вір. Як адзначыў яго эканом брат Ксаверы Буцьё, адмовіцца ад экалагічна шкодных інвестыцый было няпроста, але гэтае этычнае патрабаванне было відавочным для манаскай супольнасці.

Па словах законніка, свет фінансаў даволі непразрысты для звычайнага інвестара, таму давялося нават пагражаць пераходам у іншы банк, каб атрымаць усю неабходную інфармацыю. Як падкрэсліў брат Буцьё, гэта быў неабходны крок, таму што бэнэдыктынцы хочуць быць паслядоўнымі ў штодзённым жыцці, а тым больш у інвестыцыях, якія маюць непасрэдны ўплыў на навакольнае асяроддзе.

Адмовіцца ад інвестыцый у выкапнёвае паліва вырашылі таксама дзве французскія дыяцэзіі – Нант і Грэнобль-В’ен. Як стала вядома, Касцёл у Францыі не мае вялікіх інвестыцый. Па словах эканома дыяцэзіі Грэнобль-В’ен, яго дыяцэзія мела толькі некалькі акцый у Total, з якой яна ўжо выйшла.

15 лістапада 2024, 09:25