Архіепіскап Уэлбі  з Францішкам падчас візіту ў Паўднёвы Судан Архіепіскап Уэлбі з Францішкам падчас візіту ў Паўднёвы Судан  (Vatican Media)

Архіепіскап Уэлбі: англікане гатовыя прызнаць прымат Папы

Большасць англіканскага епіскапату прызнае прымат Пантыфіка, заявіў архіепіскап Кентэрберыйскі ў інтэрв'ю французскаму штотыднёвіку La Vie.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле Джасціна Уэлбі, сёння прымат Папы функцыянуе зусім інакш, чым да Рэфармацыі. Ён падзяліўся ўласным досведам узаемадзеяння з Францішкам падчас мінулагодняга візіту ў Паўднёвы Судан, дзе разам з мадэратарам Генеральнай асамблеі Царквы Шатландыі яны суправаджалі Святога Айца.

"Гэты парадак быў прыняты ўсімі без шкадавання і агаворак. Але не было і сумненняў, што мы будзем супрацоўнічаць не на іерархічнай аснове, а з ім як першым сярод роўных і найстарэйшым сярод роўных", - падкрэсліў Уэлбі, які як архіепіскап Кентэрберыйскі з'яўляецца прымасам Англіканскай Супольнасці ва ўсім свеце.

Ён лічыць адзінства адным з найбольшых духоўных выклікаў для ўсяго хрысціянства. "Воляй Хрыста з'яўляецца тое, каб хрысціяне былі адзіныя. Адзінства не азначае аднадумства: найвялікшым духоўным выклікам з'яўляецца любіць адно аднаго ў нашай разнастайнасці. Мы не можам верыць, што наша ўласнае сведчанне з'яўляецца адзіным, якое мае значэнне, і рызыкаваць разрывам з іншымі", - патлумачыў вярхоўны пастыр англікан.

Дыкастэрыя спрыяння хрысіціянскаму адзінству, орган Святога Пасада, адказны за экуменізм, у апублікаваным у чэрвені 2024 года дакуменце прадставіла прапановы новага разумення папскага служэння. У рэакцыі экуменічнай супольнасці дакумент быў ацэнены станоўча за новы погляд на адносіны паміж Цэрквамі.
 

11 лістапада 2024, 10:31