Сінод вачыма біскупа з Кітая: ад экскамунікі да еднасці з Папам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Два кітайскія біскупы – Вінцэнт Чжань Сілу з дыяцэзіі Фунін-Міндун і Джозэф Янг Юнцян з дыяцэзіі Ханчжоў – упершыню ўдзельнічалі ва ўсіх падзеях Сінода Біскупаў у Ватыкане. Іх прысутнасць стала магчымай дзякуючы пагадненню паміж Святым Пасадам і Кітаем, якое было падпісана ў 2018 годзе і нядаўна падоўжана на чатыры гады.
Біскуп Янг Юнцян у сваім выступе падкрэсліў, што Касцёл у Кітаі такі самы, як Каталіцкі Касцёл у іншых краінах свету. "Мы належым да той самай веры, падзяляем той самы хрост і з'яўляемся вернымі адзінаму, святому, каталіцкаму і апостальскаму Касцёлу".
У сваім выступе біскуп Чжань Сілу звярнуўся да гістарычнага досведу хрысціянства ў Кітаі, успомніўшы езуіцкага місіянера Матэа Рычы і яго намаганні па адаптацыі Евангелля да кітайскай культуры. Ён адзначыў, што менавіта ў яго дыяцэзіі Міндун адбылася вядомая Спрэчка пра абрады – гістарычны канфлікт паміж місіянерамі наконт таго, як суадносіць хрысціянскую веру з кітайскімі традыцыямі.
Біскуп Чжань падкрэсліў, што сучасны Касцёл у Кітаі сутыкаецца з новымі выклікамі: як вырашаць пытанні змешаных шлюбаў у сямейным выхаванні, як адаптавацца да мясцовага заканадаўства, як дапамагчы свецкім вернікам разабрацца ў суадносінах паміж народнымі вераваннямі і традыцыйнай культурай.
Падчас Сінода іерархі мелі некалькі асабістых сустрэч з Папам Францішкам. На першай сустрэчы яны падарылі Святому Айцу фігуру Маці Божай з Шэшану і каліграфію са словамі: Заваёўваць давер даверам. Папа, праявіўшы свой характэрны гумар, пажартаваў наконт напісання аднаго са знакаў.
Біскуп Чжань меў таксама важныя сустрэчы з кардыналам Дзяржсакратаром П'етра Паралінам і іншымі высокімі прадстаўнікамі Рымскай Курыі. Кардынал Паралін выказаў асаблівую цікавасць да дыяцэзіі Міндун і падкрэсліў важнасць захавання еднасці.
Варта адзначыць, што біскуп Чжань Сілу быў сярод сямі біскупаў, з якіх была знятая экскамуніка пасля падпісання пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітаем у 2018 годзе. Цяпер ён з'яўляецца афіцыйна прызначаным Папам Францішкам ардынарыем сваёй дыяцэзіі.