Святая Імша ў 1000 дзень вайны ва Украіне Святая Імша ў 1000 дзень вайны ва Украіне 

Рым: аб міры ва Украіне памаліліся ў 1000 дзень вайны

Войны заўсёды трываюць занадта доўга, “а цярпенне, якое яны нясуць, трывае вечна”, - сказаў кардынал Матэа Дзупі падчас Эўхарыстыі ў Рыме, молячыся аб заканчэнні вайны ва Украіне, а таксама аб справядлівым і трывалым міры.

Ян Глінскі

Святая Імша цэлебравалася ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэверэ 20 лістапада 2024 года – у тысячны дзень вайны.

“Самая глыбокая ноч просіць нас аб веры ў святло менавіта тады, калі ўсё здаецца цемрай, – адзначыў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі, які ў мінулым годзе быў скіраваны Папам з місіяй ў Кіеў, а пасля ў Маскву, для пошуку шляхоў міру ва Украіне. – Папа Бэнэдыкт XVI нагадаў нам, што святло світання прыходзіць менавіта тады, калі ноч дасягае сваёй глыбіні”.

У літургіі, якая цэлебравалася па ініцыятыве консульства Украіны пры Апостальскай Сталіцы, прыняла ўдзел першая ледзі Украіны Алена Зяленская, жонка прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, якая напярэдадні ў прыватным парадку сустрэлася з Папам Францішкам.

Падчас святой Імшы да Зяленскай далучыліся таксама дачка прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі Лаура Матарэла, амбасадар Украіны пры Апостальскай Сталіцы Андрэй Юраш, першая ледзі Літвы Дыяна Наўседзенэ, першая ледзі Сербіі Тамара Вучыч і жонка прэм’ер-міністра Арменіі Ганна Акапян. Напярэдадні яны таксама былі разам на агульнай аўдыенцыі Папы на плошчы Святога Пятра і разам наведалі маленькіх украінскіх пацыентаў бальніцы Bambino Gesù. Там былі таксама заснавальнік Супольнасці святога Эгідзія Андрэа Рыкардзі i старшыня Марка Імпальяца.

У гаміліі кардынал Дзупі заклікаў да “міру і справядлівасці” для спакутаванага ўкраінскага народа. “Тысяча дзён вайны, пачынаючы ад 24 лютага 2022 года, – гэта тысяча дзён буры, але і тысяча дзён незвычайнага і глыбокага братэрства, якое неверагодна вырасла і якое не толькі не аслабела, але і стала больш пераканым і неабходным”, - падкрэсліў іерарх. “Гісторыя ўкраінскага народа ў апошнія дзесяцігоддзі была пазначана вялікімі пакутамі”, якія тым не менш сутыкнуліся з незвычайнай трываласцю.
 

22 лістапада 2024, 09:20