Lumen Gentium: 60 гадоў асэнсавання Касцёла як таямніцы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Навукоўцы з розных краін сабраліся ў Рыме, каб абмеркаваць гістарычнае значэнне і сучасную актуальнасць аднаго з найважнейшых дакументаў Другога Ватыканскага Сабора.
Першы дзень быў прысвечаны гістарычнаму развіццю эклезіялогіі да часоў Другога Ватыканскага Сабора. Другі – сістэматычнаму аналізу тэм, узнятых у Lumen Gentium. Удзельнікі засяродзіліся на сувязі паміж сінадальнасцю і місіяй Касцёла, перасцерагаючы ад стварэння занадта жорсткіх структур ці празмернай свабоды ў практыкаванні сінадальнага стылю.
У канферэнцыі Касцёл як Таямніца, Камунія і Місія – Lumen gentium праз 60 гадоў прынялі ўдзел прадстаўнікі чатырох навуковых устаноў: Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа, Універсітэта Навары, Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла II і Тэалагічнага факультэта ў Лугана.
Міжнародны характар форуму падкрэслівае значнасць дагматычнай канстытуцыі для ўсяго Касцёла і яе ўплыў на сучаснае разуменне сінадальнасці.