Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Музыка і вера: што паслухаць у перыяд Адвэнту?

Для венскага тэолага і музыканта прафесара Яна-Хайнера Цюка музыка – гэта спосаб выражэння “невымоўнага”, “таямніцы сакральнага”. Па яго словах, музыка заўсёды адыгрывала цэнтральную ролю ў рэлігійным досведзе людзей.

Ян Глінскі

На думку тэолага, які сам з’яўляецца заўзятым піяністам, музыка мае мову, якая не патрабуе перакладчыка: кожны, хто мае вушы, можа яе зразумець і адчуць. Музыка, па яго словах, стварае супольнасць і адкрывае прастору для трансцэндэнтнасці – паслання, якое мае асаблівае значэнне ў перыяд Адвэнту і Божага Нараджэння.

Прафесар дагматыкі і гісторыі дагматыкі на факультэце каталіцкай тэалогіі Венскага ўніверсітэта нагадаў, што музыка з’яўляецца часткай чалавека ад самага яго нараджэння: людзі дыхаюць і спяваюць, перш чым пачнуць гаварыць. Музыка “выходзіць за межы слоў, вобразаў і дыскурсу”, апавядаючы пра тое, чаго “мова не можа спасцігнуць”.

“Духоўная музыка адрозніваецца ад іншай музыкі сваёю сувяззю з біблейскімі ці літургічнымі тэкстамі”, – падкрэсліў тэолаг. Цюк прывёў словы славутага дырыжора і музыканта ксяндза Філіпа Арнанкура. Як той казаў, музыка можа быць “знакам”, які “перадае адчувальнае без слоў і робіць невымоўнае чутным”.

Прафесар Цюк нагадаў таксама, што касцёльныя хоры з’яўляюцца незаменным узбагачэннем духоўнага жыцця, “яны маюць вялікую традыцыю; яднаюць розных людзей, а некаторых набліжаюць да літургічнай цэлебрацыі, а перш за ўсё да прысутнасці Святога”.

У перыяд Адвэнту і Божага Нараджэння каталіцкі музыкант раіць паслухаць “выдатны шматслойны твор” – Калядную араторыю Іагана Себасцьяна Баха. Таксама варта паслухаць Бэтлеемскую зорку Ёзафа Габрыэля Райнбергера і арганны цыкл Аліўе Месіяна La Nativité du Seigneur (Нараджэнне Пана). Па словах тэолага, гэтыя творы “непаўторным чынам адкрываюць таямніцу ўцелаўлення Хрыста”.
 

29 лістапада 2024, 08:37